Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія ўрадавыя аналітыкі падрыхтавалі даклад для прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, у якім паведамляецца аб тым, што Расеі можа не хапіць газу для ўнутранага спажывання ўжо ў 2007 годзе, піша газета "Ведомости". Разам з гэтым да 2010 года дэфіцыт можа скласці 27,7 млрд кубаметраў за год. Каб прадухіліць крызіс, кіраўнікі РАТ ЕЭС і "Газпрома" у чарговы раз паспрабуюць угаварыць Пуціна адпусціць кошты на газ. Гэта немінуча прывядзе да падвышэння тэмпаў інфляцыі, так што прэзідэнта Расеі чакае няпросты выбар: паднімаць кошты напярэдадні выбараў або прадухіляць энергетычны крызіс.
Як адзначаюць эканамісты Мінпромэнерга, у 2007 годзе дэфіцыт газа складзе 4,2 млрд кубаметраў. Каб забяспечыць запатрабаванні насельніцтва і эканомікі, а таксама выканаць экспартныя кантракты, у 2007 годзе неабходна 729,9 млрд кубаметраў, а здабыча "Газпрома" і незалежных вытворцаў у суме з закупамі сярэднеазіяцкага газу складуць 725,7 млрд кубаметраў. Прагноз на больш далёкую будучыню яшчэ больш трывожны: праз год дэфіцыт падвоіцца, да 2010 года дасягне 27,7 млрд кубаметраў, а да 2015 года – ужо 46,6 млрд кубаметраў. Па словах урадавага службоўцы, знаёмага з дакладам, у ім адлюстраваная дынаміка энергаспажывання – "рост на 5-6% у год". Таму падыходы да паліўнай палітыкі прапаноўваецца радыкальна перагледзець. "Без планамернага і істотнага павелічэння коштаў на газ і змены адносінаў у газавай галіне не атрымаецца вырашыць карэнныя праблемы", – цытуе даклад службоўца.
Аснову адносінаў павінны скласці доўгатэрміновыя кантракты. Самому "Газпрому" неабходна будзе ўкласці да 2011 года каля 300 млрд у здабычу і транспартоўку, і такія ж інвестыцыі неабходныя незалежным вытворцам, каб кампенсаваць запаволенне росту здабычы "Газпрома". Натуральна, што для таго, каб незалежныя кампаніі пачалі ўкладаць у здабычу газу, яго кошт на ўнутраным рынку павінен быць значна вышэйшы. Акрамя таго, па меркаванні прадстаўнікоў "Газпрома", лішак таннага газу ў Расеі не спрыяе яго эканомнаму выкарыстанню спажыўцамі.
Падводзячы падрахунак, урадавыя эксперты прапаноўваюць змяніць сістэму гандлю газам. Увесці доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку з прывязкай кошту да кошту экспартных кантрактаў. Адначасова плануецца падняць кошт газу для прамысловасці і ГЭС да 80 даляраў, захаваўшы кошты для насельніцтва, ЖКГ і ЦЭЦ нязменнымі.
Усе гэтыя меры непазбежна прывядуць да агульнага падвышэння коштаў, упэўненыя эксперты. У сувязі з гэтым Крэмль, які асабліва балюча ўспрымае рост кошту на энергію напярэдадні выбараў, можа адмовіцца ад прапаноў урада, якія таксама падтрымліваюць "Газпром" і РАТ ЕЭС. Аднак, па меркаванні незалежных экспертаў, марудзіць нельга.
"Дэфіцыт газу можа значна павялічыцца, – гаворыць сенатар Савета Федэрацыі і саўладальнік кампаніі "Нортгаз" Фархад Ахмедаў. – Знос асноўных вытворчых фондаў "Газпрома" – не менш за 60%, а яго базавыя радовішчы выпрацаваныя больш за 60%". Больш таго Ахмедаў не верыць ні ў магчымасці прыцягнуць 300 млрд даляраў, ні ў магчымасць асвоіць іх да 2011 года, як паказана ў дакладзе.