Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У галадоўцы салідарнасці з Казуліным прынялі ўдзел 30 чалавек 10:36, 13/11/2006
У галадоўцы салідарнасці з Аляксандрам Казуліным, пачатай 30 кастрычніка прадстаўнікамі БСДП (Грамада) у Берасці, ужо прынялі ўдзел 30 чалавек. Яшчэ 25 далучацца да яе ў самы блізкі час. Аб гэтым паведаміў БелаПАН старшыня абласной структуры партыі Ігар Маслоўскі. “Штодня да нас у офіс тэлефануюць людзі і гавораць аб сваім намеры стаць удзельнікам галадоўкі салідарнасці. Мы ўключаем іх у спіс і складаем графік правядзення акцыі. Такім чынам, ланцужок галадаючых не перарываецца. Як толькі сканчае галадаць адзін чалавек, яго замяняе новы ўдзельнік акцыі. Яна будзе працягвацца датуль, пакуль галадае Аляксандр Казулін”, – распавёў І.Маслоўскі.
Сярод тых, хто падтрымаў галадоўку салідарнасці з экс-кандыдатам у прэзідэнты лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным жыхары Берасця, Баранавічаў, Гародні, Менска, а таксама ўкраінскага горада Ковеля і два студэнта-беларуса, якія вучацца ў Польшчы. Гэта сябры БСДП (Грамада), ПКБ, БНФ, беспартыйныя, якія працавалі ў перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзтдэнты.
Па словах І.Маслоўскага, 12 лістапада галадаюць тры чалавекі. “Кожны вырашае сам, колькі дзён ён збіраецца адмаўляцца ад ежы. Мы рэкамендуем – ад аднаго да пяці дзён, каб чалавек мог плённа працаваць”, – адзначыў палітык.
Нагадаем, акцыю “Галадоўка салідарнасці” з Аляксандрам Казуліным 30 кастрычніка пачала старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, якая галадала да 3 кастрычніка. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці да лёсу экс-кандыдата ў прэзідэнты А.Казуліна, які асуджаны на пяць год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. У знак пратэста 20 кастрычніка палітык абвясціў бестэрміновую галадоўку.
Аляксандр Казулін пратэстуе супраць “існуючага ў Беларусі беззаконня” і заклікае Раду Бяспекі ААН разглядзець сітуацыю ў Беларусі.