Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія журналісты: «Лукашэнка нерваваўся, а прамова яго была невыразнай і няскладнай» 12:04, 13/11/2006
Расейскі СМІ працягваюць каментаваць сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якая адбылася ў пятніцу ў Крамлю. "Напачатку гутаркі з Уладзімірам Пуціным, яшчэ ў прысутнасці прэсы, спадар Лукашэнка парадкам нерваваўся. Заканчэнне пратакольнай часткі яго ўступнай прамовы было настолькі невыразным, калі не сказаць няскладным, што нават шматдосведныя журналісты інфармагенцтваў не змаглі вылучыць са слоў беларускага кіраўніка штосьці годнае навін", – піша газета "Время новостей".
Гаварыў Аляксандр Лукашэнка пра нейкія праблемы, вельмі "важныя", па яго меркаванні, для "суб`ектаў федэрацыі". "Мы павінны іх вырашыць", – пераконваў гаспадара Крамля беларускі кіраўнік. Гэта было сказанае так, што здавалася, быццам праблемы гэтых "суб`ектаў" – трэба думаць, Расейскай Федэрацыі – турбавалі госця больш за гаспадара сустрэчы, піша газета.
Што датычыцца расейскага прэзідэнта, то ён рыхтаваўся да сустрэчы з партнёрам па "саюзнай дзяржаве", відавочна, не меней сур`ёзна. Некалькі месяцаў таму падчас начной сустрэчы з журналістамі ў Шанхаі Уладзімір Пуцін распавёў карэспандэнту "Времени новостей", як ён гэта робіць. Пуціну было зададзенае пытанне, ці цяжка будзе чыста псіхалагічна пачынаць гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам (праз некалькі дзён у Пуціна была запланаваная паездка ў Менск) пасля ледзь не асабістых выпадаў з яго боку, якія прагучалі ў адрас расейскага прэзідэнта. "Чалавек на маім месцы, – адказаў спадар Пуцін, – не мае права кіравацца эмоцыямі, перад мной стаіць мэта, якую неабходна дасягнуць, і пра крыўды тут трэба забыць".
Ці прасунуўся гэтым разам расейскі прэзідэнт да дасягнення сваёй мэты, засталося невядома. Ускосна пра гэта можна будзе судзіць па тым узроўні эмоцый, якім будуць адрознівацца самыя блізкія выступы спадара Лукашэнкі на тэму "працэсаў, якія адбываюцца ў "саюзнай дзяржаве", як ён выказаўся гэтымі днямі падчас гутаркі з губернатарам Стаўраполля.
Маскву клапоцяць аб`ёмы бязпошліных паставак расейскай нафты ў Беларусь, якія істотна перавышаюць унутраныя запатрабаванні суседняй краіны. Лішкі гэтай нафты перапрацоўваюцца на беларускіх НПЗ, а атрыманыя нафтапрадукты прадаюцца ў трэція краіны так, што мытныя пошліны ідуць толькі ў беларускі бюджэт. Расейская ж казна нічога ад гэтага не атрымоўвае.
Па-ранейшаму далёкія ад вырашэння і праблемы, звязаныя з пераходам на камерцыйную аснову ўзаемаадносінаў Масквы і Менска ў газавай сферы. "Газпром" не збіраецца адмаўляцца ад рашэння падняць са студзеня 2007 года кошт на газ, які пастаўляецца ў Беларусь, больш чым у чатыры разы, з 46,68 да 200 даляраў за тысячу кубаметраў. Магчымасць жа паніжэння гэтага кошту за конт стварэння сумеснага газатранспартнага прадпрыемства на аснове "Газпрома" і "Белтрансгаза" рэалізаваць не атрымоўваецца. У Менску і Маскве вось ужо які год не могуць сыйсціся ў кошце "Белтрансгаза", ацэнкі пакупніка і прадаўца адрозніваюцца ледзь не на парадак. Да новага года засталося ледзь больш за месяц, і верагоднасць яшчэ аднаго сур`ёзнага газавага абвастрэння здаецца вельмі высокай. Нагадаем, што першае адбылося ў лютым 2004 года, калі "Газпром" у адказ на несанкцыянаваны адбор газу, што быў зроблены Менскам, перакрыў вентыль на сваёй экспартнай трубе, якая ідзе праз Беларусь у Еўропу.
Не атрымоўваецца ў бакоў дамовіцца і па сахарнай праблеме. Менск не вельмі сумленна карыстаецца мытнымі палёгкамі, прадстаўленымі расейскім суседам для пастаўкі цукру, які вырабляецца з цукровага бурака. Пад маркай бураковага Беларусь пастаўляе цукар, які вырабляецца з цукровага трыснёга, што закупляецца за мяжой, на які мытныя палёгкі не распаўсюджваюцца.