Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На 26-ы дзень галадоўкі ў Казуліна падвысіўся ціск? 14:30, 14/11/2006
Сваякі экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна сёння датэлефанаваліся да выпраўленчай калоніі "Віцьба-3". Начальнік калоніі Віталь Агністыкаў паведаміў жонцы палітвязня Ірыне Казулінай, што на 26 дзень галадоўкі стан яе мужа "здавальняючы". Разам з гэтым службоўцу цікавіла, які звычайна ў Аляксандра Казуліна артэрыяльны ціск. Растлумачыць, навошта яму спатрэбіліся гэтыя звесткі, начальнік калоніі адмовіўся. "Мы вельмі турбуемся. Звычайна начальнік калоніі паведамляў, што стан здароўя Казуліна "нармалёвы", сёння ён змяніў фармулёўку на "здавальняючы". Чаму ён пытаў пра ціск? Мы наогул нічога не ведаем, а чалавек галадае 26 дзён! Ні на адзін наш запыт з просьбай паведаміць аб стане здароўя Казуліна, так і не было атрымана адказу", – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак.
Даведацца больш падрабязную інфармацыю пра стан здароўя Казуліна сваякі спадзяюцца ад Сяргея Скрабца – былога дэпутата, таксама палітвязня, які павінен заўтра выйсці на свабоду. Скрабец таксама трымаў галадоўку ў выпраўленчай калоніі – у знак салідарнасці з патрабаваннямі Казуліна.
Нагадаем, што на тэрмін галадоўкі Казуліну забаранілі сустракацца з адвакатам, сваякам таксама не дазволеныя спатканні.
"Праблема ў тым, што справа Казуліна палітычная і праходзіць пад грыфам "сакрэтна". Усё, што датычыцца Казуліна, узгадняецца з самым высокім начальствам. Любы зварот мае тэрміны. Але, хоць усе тэрміны прайшлі, нашы запыты ігнаруюць. Амбасадары Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі, Нямеччыны шматразова падавалі хадайніцтвы ў МЗС краіны з просьбай дазволіць сустрэчу з Казуліным, але ім таксама не адказваюць", – паведаміў Алег Воўчак.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін абвясціў галадоўку 20 кастрычніка. Палітык патрабуе разгляд сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН.