Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Захожая спыніла галадоўку. Збіты яе сын 17:02, 14/11/2006
Сёння намесніца старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза працаўнікоў ААТ "Белшына" Алена Захожая абвясціла аб выхадзе з галадоўкі. Такое рашэнне паведамляе газета «Салідарнасць», у 43-ці дзень акцыі пратэсту электраманцёр звышгабарытных шын прыняла пасля таго, як у мінулую суботу быў збіты яе 33-гадовы сын.
Інфармацыю аб выхадзе прафсаюзнай актывісткі з галадоўкі распаўсюдзіла прэс-служба Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, да якой сама Алена Паўлаўна звярнулася з просьбай аб гэтым. Яна пакуль не жадае ні з кім размаўляць па тэлефоне. Ужо два дні не адказвае на званкі і пачала прымаць аўсяны адвар.
Вядома, што ў суботу на вуліцы быў збіты сын Захожай. Малады чалавек не шпіталізаваны, хоць і звяртаўся за дапамогай у бабруйскі траўмапункт. Алена Паўлаўна ўпэўненая, што тое, што здарылася – рэакцыя на яе акцыю пратэсту, таму яна і прыняла рашэнне аб спыненні галадоўкі.
– Тут немагчыма дамагчыся справядлівасці…Гэта жудасна…І гэта не першы раз, калі на мяне ціснуць праз маіх дзяцей, – праз слёзы сказала Алена Захожая газеце "Салідарнасць".
Нагадаем, 54-гадовая жанчына абвясціла галадоўку 3 кастрычніка ў адказ на парушэнні правоў прафсаюзаў з боку адміністрацыі "Белшыны", а таксама канстытуцыйнага права, у адпаведнасці з якім кожны можа абараняцца ў судзе. На працягу гэтага перыяду, за выключэннем некалькіх дзён шпіталізацыі, Захожая працягвала выходзіць на працу.
Адзначым, што сход першаснай арганізацыі, на якой будуць планавацца далейшыя дзеянні прафсаюза, па просьбе кіраўніцтва прадпрыемства з 16 лістапада перанесены на 21 лістапада. Наймальнік паабяцаў, што ў гэты дзень усе ўдзельнікі мерапрыемства – сябры БНП – будуць вызваленыя ад працы. Таксама сваю прысутнасць на сходзе пацвердзілі намеснік гендырэктара па ідэалагічнай частцы ААТ "Белшына" Аляксандр Казлоў і начальнік юрыдычнага аддзела прадпрыемства Міхаіл Клапоў.