Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Помнікі трэба абараняць ад фашыстаў 16:23, 15/11/2006
9 лістапада 2006 года, у міжнародны дзень барацьбы з фашызмам, грамадзянскія актывісты і простыя мінчукі прыйшлі з кветкамі і запаленымі свечкамі да мемарыяла “Яма” ушанаваць памяць ахвяр фашысцкіх рэпрэсій. На працягу ўсяго мерапрыемства ўдзельнікаў акцыі суправаджалі супрацоўнікі міліцыі, апранутыя ў цывільнае. 11-12 лістапада, памятны мемарыял “Яма” быў апаганены: скульптурная кампазіцыя “Апошні шлях” была аблітая белай фарбай, на яе нанесеная свастыка, а побач з мемарыялам раскіданыя ўлёткі фашысцкай накіраванасці. У сувязі з гэтым удзельнікі акцыі памяці ахвяр фашызму выступілі са зваротам, у якім задалі ўладам шэраг пытанняў:
– Чаму людзі ў цывільным, з рацыямі і відэакамерамі, меркавана, супрацоўнікі праваахоўных органаў, суправаджаюць памятную працэсію, але не могуць і не хочуць прымаць ніякіх рэальна дзеючых і эфектыўных мер супраць нацыянал-сацыялістычных арганізацый, якія ізноў адраджаюцца на Беларусі, і заклікаюць да міжнацыянальнай розніцы, што забаронена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь?
– Чаму, калі існуе такая турбота за памяць тых, хто загінуў падчас Другой Сусваетнай вайны, мірная памятная працэсія суправаджаецца некалькімі дзесяткамі людзей у цывільным, якія здымаюць тое, што адбываецца, на некалькі відэакамер, а на заусёдную начную варту, нават з дапамогай звычайнага відэаназірання, ля памятнага мемарыяла "Яма", каб выключыць выпадкі яго апаганення, не знаходзіцца ні сіл, ні нават увагі?
– Чаму назіранню за дзеяннямі грамадзянскіх актывістаў надаецца непараўнальна больш увагі, чым дзейнасці арганізацый фашысцкай накіраванасці?
Грамадскія актывісты звяртаюцца да ветэранскіх арганізацый, да праваахоўных органаў, уладаў горада і Камітэту дзяржаўнай бяспекі з просьбай "разам змагацца супраць людзей і арганізацый, мэтай якіх з`яўляецца свет гвалту і рэпрэсій, і разам ахоўваць беларускае грамадства ад фашысцкай ідэалогіі".
"Не трэба перашкаджаць грамадзянам актыўна выказваць сваю пазіцыю і мець уласны погляд на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі – толькі разумныя ідэі і незалежныя, ініцыятыўныя ўчынкі дапамогуць стаць беларускай нацыі моцнай і квітнеючай", – гаворыцца ў звароце.