|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Сяргей Скрабец: «Гэта метады фашысцкага канцлагера» 14:31, 15/11/2006
– Сяргей, як вы сябе адчуваеце пасля працяглай галадоўкі? – Фізічна вельмі знясілены. Страціў у вазе 17 кілаграмаў. Адчуваю слабасць, галавакружэнне, але ў прынцыпе ўсё нармалёва. Сёння ўжо выходжу з галадоўкі. Пачаў піць разведзеныя сокі. Да дапамогі медыкаў звяртацца не буду – у нас няма адмыслоўцаў па вывядзенні з галадоўкі. – Вы не ў першы раз галадаеце ў зняволенні. Аднойчы адмаўляліся ад ежы больш за 40 дзён. Па-іншаму ў турме нельга было дамагчыся сваіх патрабаванняў? – Не, па-іншаму немагчыма. Ніхто нікога не слухае. Калі жадаеш звярнуць увагу на свае праблемы, застаецца толькі абвясціць галадоўку. Пракуратура, якая выконвае наглядныя функцыі, у змове з працаўнікамі Дэпартамента выканання пакаранняў. Туды звяртацца бессэнсоўна. Праз галадоўку я дамогся таго, каб да мяне ўжылі амністыю, хоць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне я меў яшчэ ў сакавіку гэтага года. Ніякіх прэтэнзій да мяне за час зняволення не было. Я пісаў ва ўсе інстанцыі, але мае скаргі адмаўляліся нават разглядаць. Вось мне і надакучыла пісаць скаргі. Калі мяне арыштавалі па ілжывым абвінавачванні ў падрыхтоўцы дачы хабару, я таксама абвясціў галадоўку. Мяне дапытвалі следчыя групы з розных ведамстваў. Галадоўка дапамагала гаварыць з імі з той пазіцыі, што да мяне прыцягнутая ўвага грамадскасці, і гэта, натуральна, згуляла сваю ролю. Суд зняў з мяне гэтыя абвінавачванні. Адміністрацыі месцаў зняволення баяцца галадовак, таму што яны прыцягваюць увагу грамадскасці да зняволеных, і ім прыходзіцца выконваць законныя патрабаванні. – Чаму Вы вырашылі падтрымаць галадоўку пратэсту, абвешчаную Аляксандрам Казуліным? – Таму што ў яго патрабаваннях – звярнуць увагу на беззаконя ў Беларусі і разглядзець сітуацыю ў нашай краіне ў Радзе Бяспекі ААН – вельмі дакладна сфармуляваная пазіцыя большай часткі насельніцтва Беларусі. Да таго ж, апазіцыя Беларусі разрозненая, а галадоўка можа дазволіць аб`яднаць апазіцыю для дасягнення агульнай мэты – змены сітуацыі ў краіне і вяртанне Беларусі ў канстытуцыйнае поле. Дзяліць неіснуючыя партфелі можна і далей, але гэта не дапаможа змяніць сітуацыю. – Як сябе адчувае палітвязень? Пра яго няма практычна ніякай інфармацыі. – Фізічна Казулін вельмі знясілены. З яго ростам страціць такую колькасць вагі – 17 кг – гэта вельмі шмат. Засталіся скура ды косці. Ціск у яго вельмі нізкі. Страта больш за 30% вагі вядзе да летельнага зыходу. Сёння Казулін страціў 20% вагі. Але духоўна Казулін дужы чалавек, сапраўдны ваяр. Зламіць яго немагчыма. Вядома, турэмным лекарам я не давяраю, яны вывесці з галадоўкі не змогуць. Іхнія метады – устаўляць у рот жолаб і сілком карміць. Адзін з лекараў пагражаў паступіць са мной такім спосабам і хваліўся, што не раз ужо так рабіў. Гэта метады фашысцкага канцлагера. Выхад з галадоўкі – працэс вельмі складаны, які патрабуе ведаў. Любое нявернае рашэнне можа прывезці да смяротнага зыходу. У калоніі, як мінімум, павінна дзяжурыць рэанімацыйная машына, а яны збіраюцца яго сілком карміць тлустай турэмнай кашай... Я сур`ёзна асцерагаюся за жыццё Казуліна. Але галадоўку ён спыняць не збіраецца – не бачыць чыннікаў. – Чаму, на ваш погляд, кіраўніцтва калоніі цалкам ізалявала Казуліна: сустрэчы з адвакатам і сваякамі забароненыя, аб стане здароўя амаль нічога не паведамляецца? – Таму што ёсць загад “зверху”. Гэта не рашэнне начальніка калоніі. Рашэнне прымаў сакратар Савета бяспекі і вышэй. Я не разумею ўлады, паколькі яны гэтым прыцягваюць яшчэ больш увагі і да гэтага ж – гэта вельмі нягуманна. Казуліну зараз як ніколі неабходна падтрымка, і настрой у яго вельмі рашучы, ён гатовы ісці да канца. Лукашэнка павінен задумацца над гэтым пытаннем і дазволіць адвакату сустрэцца з Казуліным, каб з ім пагаварылі. І тады можна было бы прыйсці да нейкага кампрамісу. – Раней у Вас не было магчымасці ацаніць Ваш арышт, суд і прысуд. Чаму Вас падвергнулі пераследу? – У Лукашэнкі нядрэнная аналітычная служба, якая сачыць за ўсімі, хто ўяўляе найбольш рэальную небяспеку рэжыму. Некаторых саджаюць яшчэ і ў мэтах павучання грамадства. Так было з Лявонавым, Старавойтавым, Марынічам, Клімавым, Статкевічам. Я звязваю арышт з тым, што я ўяўляў пагрозу, хоць я не разумею, як адзін чалавек можа так моцна кагосьці спужаць. Мяне часта папярэджвалі, што могуць арыштаваць, але я не хацеў думаць аб гэтым або думаў, што проста палохаюць. Але нават, калі б мне далі гарантыі таго, што мяне ўсёткі арыштуюць, я ўсё роўна б не з`ехаў з Беларусі. – Палітвязень Валерый Леванеўскі пасля выхаду на свабоду заявіў, што такога беззаконня і бяспраўя, як у турме, яму не давадзілася бачыць. Вы з ім згодны? – У любой турме ёсць недахопы. З таталітарным рэжымам усё толькі ўзмацняецца. Сістэма выканання пакаранняў таксама. Усё можа змяніцца, калі турэмная сістэма стане адкрытай, калі ў праваабаронцаў і журналістаў будзе доступ у калоніі, калі зняволенныя змогуць гаварыць, у якіх умовах ім даводзіцца жыць. Пакуль жа сістэма абсалютна зачыненая. Даходзіць да абсурду. Незразумела чаму, але ў віцебскай калоніі забаронена мець і купляць цукар. Гэта значыць у сталовай яго ў гарбату кладуць і ўсё. Ніхто нічога не тлумачыць. Хадзілі чуткі, што адміністрацыя думае, што з цукру можна варыць самагонку. А што адбывалася з маім пераводам у калонію? Гэта было ў сакавіку, тады ўсе войскі былі сцягнутыя ў Менск – баяліся акцый пратэсту, горад быў фактычна на вайсковым становішчы. Таму не хапала канваіраў, нас, зняволеных, па 20 чалавек везлі ў аўтазаках, а потым у “сталыпінскіх” вагонах, у якіх сядзелі “на кукішках”, мерзнулі страшна. Шмат праз што прыйшлося прайсці, праз шматлікія зневажанні і абразы. – Гавораць, што ў турме чалавек можа кардынальна змяніцца і стаць зусім іншым, чым у свабодным жыцці… – Сістэма перамолвае косці чалавека ў муку. Калі чалавек слабы духам, то хутка ламаецца і псіхіка больш не аднаўляецца. Турма – прышчэпка ад дабрыні. Дабрыня там прымаецца за слабасць, дзейнічае толькі закон джунгляў. – А на Вас як турма паўплывала? – Я стаў больш уважлівым да навакольнага асяроддзя, стаў звяртаць увагу на кожную дробязь. У турме ты не можаш расслабіцца ні на хвіліну, уначы штогадзіны свецяць фанарыкам у твар – праверка, кантралюе кожны твой шаг, кожны рух. Да таго ж, для чалавека, які імкнецца да духоўнай дасканаласці, гэта нядрэнная праверка на сілу духа. – Якія ўзаемаадносіны склаліся з іншымі зняволеннымі? – Добрыя. Зняволенныя палітыкаў пабойваюцца, усе хочуць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а паколькі іх папярэдзілі, каб з намі не кантактавалі, то адбываліся зносіны, як у нашай “палаце прадстаўнікоў” – руку паціснулі і ўцякаюць. Грамадства запужанае зверху данізу і ўсё роўна, дзе сядзіш – у ручным “парламенце” або калоніі. – Вы адчувалі падтрымку са свабоды? – Так, вядома. Маса лістоў прыходзіла з розных краін свету, са ўсёй Беларусі. Казуліна зараз завальваюць лістамі, тэлеграмамі. Падтрымка каласальная. Пішуць простыя людзі, студэнты. Не баяцца! Свядомасць людзей моцна змянілася за апошні час. Я здзіўлены. – Чаму, як Вам здаецца, Вас амніставалі? – Я лічу, што гэта толькі таму, што мы сядзелі разам з Казуліным. Яны баяліся нашага саюза. Адна справа, калі адзін чалавек галадае, а тут два. Да таго ж мы аднадумцы і падтрымлівалі адзін аднаго. – Як былі ў следчым ізалятары, Вы вырашылі балатавацца ў прэзідэнты. Чаму? – Я вырашыў балатавацца ў прэзідэнты яшчэ за 2-3 месяцы да арышту. Мы дамовіліся з Казуліным аб сумеснай кампаніі. Было зразумела, што мала хто ў прынцыпе адважыцца выступаць супраць трэцяга тэрміна Лукашэнкі. Вядома, з турмы мала шанцаў чагосьці дамагчыся, але я хацеў неяк паўплываць на змену сітуацыі. – Як ацэньваеце выбарчую кампанію, што адбылася, і наступныя за ёй акцыі пратэсту? – Складана гаварыць, усёткі быў у турме. Радыё ў мяне тады не было, зараз мы ў калоніі слухаем радыё “Свабода” (вядома, вельмі глушаць, але ўсё роўна чуваць). У цэлым, у тым ліку дзякуючы Казуліну, кампанія прайшла нядрэнна. Большага складана было дамагчыся ва ўмовах таталітарызму. Было прадэманстравана, што ў Беларусі ёсць сілы, гатовыя ўзяць адказнасць за лёс Беларусі. Акцыі пратэсту азначалі, што краіна прачынаецца ад летаргічнага сну. – Чым Вы маеце намер заняцца зараз? – Мы ўзгаднілі з Казуліным план далейшых дзеянняў па змене палітычнай сітуацыі ў Беларусі і вяртанню Беларусі ў канстытуцыйнае поле. Для пачатку буду дамагацца выканання патрабавання Казуліна – абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Фота "Радые Свабода"
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|