Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На працягу вось ужо некалькіх месяцаў лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька настойвае: неабходна, каб ужо сёння ўсе інфармацыйныя матэрыялы дэмакратаў змяшчалі заклік вярнуцца на плошчу Каліноўскага 19 сакавіка 2007 года. Прэс-служба АГП распаўсюдзіла каментар Анатоля Лябедзькі на дадзеную тэму. Чаму гэта важна менавіта зараз? І чаму іншыя лідэры альбо адмоўчваюцца, альбо сабатуюць прыняцце рашэння?
"Насамрэч пасля прэзідэнцкай кампаніі я вырашыў максімальна сканцатравацца на працы Нацыянальнага Камітэта. Тым больш, што шмат хто загаварыў аб безальтэрнатыўнасці фактару вуліцы ў змене сітуацыі. Але сёння на каляндары ўжо лістапад, а, акрамя агульных фраз, нічога не прадпрымаецца. Я добра памятаю прэзідэнцкую кампанію, калі з вялікай цяжкасцю атрымалася прымусіць Палітраду АДС прыняць рашэнне аб звароце да грамадзянаў прыходзіць на плошчу Кастрычніцкую 19 сакавіка а 20 гадзіне. Тады, хоць і са спазненнем, але сітуацыю атрымалася часткова выправіць. Але, як бачна, ніхто не зрабіў з гэтага ніякіх высноў. Усе зноў чагосьці чакаюць. Слоган "Вернемся на плошчу Каліноўскага 19 сакавіка 2007 года" павінен стаць стрыжнем палітычнай кампаніі "мясцовыя выбары". Калі мы хочам, каб яго пачулі людзі, то ён павінен змяшчацца ў палітычным пасланні грамадзянам, ва ўсіх інфармацыйных матэрыялах, гучаць на усіх сустрэчах дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты, – упэўнены А.Лябедзька. – Сёння прыярытэтам павінна стаць менавіта гэта, а не барацьба за галасы дэлегатаў Кангрэса, які мае быць.
Улада ні на міліметр не адступіла ад ранейшай палітыкі. Тыя ж рэпрэсіі, тая ж палітычная рэзервацыя, тая ж прапаганда. Нам не пакідаюць выбару. Нас пхаюць адстойваць свабоду і годнасць на плошчу Каліноўскага.
Чаму 19-га сакавіка? Менавіта ў гэты дзень дзесяткі тысяч людзей, пераадолеўшы страх, падавіўшы ў сабе раба, прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Гэта дата засталася ў свядомасці вельмі шматлікіх людзей, і яны прыйдуць на плошчу, нават калі ўлада не дасць дазвол, нават калі лідэры прыхільнікаў перамен будуць маўчаць (хоць апошняга дапушчаць нельга). Трэба арганізоўваць працэс ужо сёння, а не спадзявацца наўдалую, як у сакавіку мінулага года", -- заяўляе лідэр АГП.