Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Халіп: «Гэтая дата стане часткай беларускай гісторыі і ў будучым» 11:26, 16/11/2006
Для навукоўцаў гісторыя — гэта даты і падзеі. Для звычайных людзей — гэта часьцяком канкрэтныя лёсы. Крыху больш за год 16 чысла штомесяц у Беларусі ўзнікла традыцыя запальваць у вокнах свечкі. Гэтыя агеньчыкі — знак салідарнасьці з сем’ямі тых, хто бязследна знік у нашай краіне — Віктара Ганчара, Змітра Завадскага, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі. З тымі, хто адбывае тэрміны ў турмах і на «хіміі», адбывае суткі на Акрэсціна. Крыху больш за год… Паводле гістарычных меркаў тэрмін невялікі.
У інтэрв’ю “Еўрапейскаму радыё для Беларусі” Ірына Халіп, адна з ініцыятарак правядзення Дзён салідарнасці, заявіла:
— Мне чамусьці падаецца, што гэты дзень не застанецца часткай лукашэнкаўскай гісторыі. Хаця б таму, што тое 16 верасня, калі зніклі Ганчар і Красоўскі, гэтую дату ўжо ніяк не зменіш, яе ўжо не забудзеш. У любым выпадку — гэта боль назаўсёды, незалежна ад дзейнага на дадзены момант у краіне рэжыму. І акрамя ўсяго іншага, кампанія «Дзень салідарнасці», якая ўвесь гэты час праходзіла і, я мяркую, будзе ісці далей, зрабіла дзень 16-га яшчэ больш сімвалічным. Таму, мне падаецца, гэтая дата стане часткай беларускай гісторыі і ў будучым.
Задуманы, як акцыя негвалтоўнага супраціву, Дзень беларускай салідарнасці даўно перарос свой фармат і перакрочыў межы.
— Не толькі ў Беларусі, ва ўсім свеце стала больш людзей, якім Дзень Салідарнасці ў 16 чысло нешта гаворыць. Удзельнікі акцыі — гэта не толькі тыя, што ставяць у вокны запаленыя свечкі, але і тыя, што выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў з гэтымі свечкамі, тыя, што ідуць пікетаваць расійскую амбасаду ў Мінску, тыя, што пікетуюць беларускую амбасаду ў еўрапейскіх сталіцах. Гэта — тыя, хто заўтра, я перакананая, выйдуць да калоніі «Віцьба-3», дзе адбывае пакаранне Аляксандр Казулін. Гэта значыць, усе тыя людзі, якія дэманструюць сваю неабыякавасць да таго, што адбываецца ў краіне. Усе яны, тым ці іншым чынам, удзельнічаюць у акцыі, -- кажа Ірына Халіп.