Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ізраіль чакае асуджэння актаў антысемітызму ў Беларусі 20:08, 16/11/2006
Учора адбылася сустрэча амбасадара Дзяржавы Ізраіля Зеева Бэн-Ар’е з намеснікам міністра замежных спраў, які курыруе двухбаковыя адносіны Беларусі і Ізраіля. Падставай для сустрэчы сталі акты вандалізму антысеміцкага характару, якія былі здзейсненыя невядомымі нядаўна ў Менску. Зараз, па яго словах, Дзяржава Ізраіль чакае заявы аб гэтым на высокім узроўні. “І хоць у Іерусаліме ўжо назапасілася рэакцыя на падзеі ў Беларусі, але лепш калі яна будзе выказаная пасля таго, як гэтую рэакцыю выкажа беларускае кіраўніцтва”, – адзначыў дыпламат.
Як распавёў Агенцтву габрэйскіх навін спадар Зееў Бэн-Ар’е, дыпламатычная місія папрасіла аб тэрміновай сустрэчы з намеснікам міністра адразу пасля таго, як у Менску былі здзейсненыя акты вандалізму.
Дыпламат нагадаў, што ў адну і тую ж ноч у цэнтры Менска свастыкай і антысеміцкімі надпісамі былі апаганеныя мемарыяльны комплекс “Яма” і будынак, дзе зараз размяшчаецца Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтр.
Амбасадар Габрэйскай дзяржавы адзначыў, што, па яго меркаванні, гэта былі спланаваныя акцыі нейкай неанацысцкай групоўкі фашысцкага характару. Аб гэтым гаворыць і змест улётак, якія яны пакінулі каля апаганенага абеліска.
Падчас сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Беларусі выказаў глыбокія шкадаванні і асудзіў гэтыя акты. Дыпламат засведчыў, што міністэрства замежных спраў будзе сачыць за ходам расследавання, і яно пройдзе на самім высокім узроўні.
Спадар Бэн-Ар’е сказаў: “Я выказаў меркаванне, што тое, што адбываецца, закранае не толькі габрэйскую суполку і Дзяржаву Ізраіль, але гэта таксама з`яўляецца і беларускай праблемай”