Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пад такой назвай выйшаў дакументальна-публіцыстычны зборнік матэрыялаў, прысьвечаных сакавіцкім падзеям гэтага году ў Беларусі. Зборнік “Верым! Можам! Пераможам!” – гэта кніга пра змаганьне, пра прагу пераменаў. Гэта спроба захаваць для гісторыі невялікі, але досыць важкі прамежак часу, адлюстраваць агульную карціну рэчаіснасьці вясны 2006 году, складзеную з асобных гісторый, падзеяў і фактаў, данесьці да беларусаў праўду, якую замоўчваюць афіцыйныя крыніцы.
Незаконнасьць удзелу ў выбарах Аляксандра Лукашэнкі, масавыя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі напружылі атмасферу ў грамадзтве і падштурхнулі дэмакратычна настроеных грамадзянаў да правядзеньня шырокіх акцыяў пратэсту. Яны не прывялі да зьвяржэньня рэжыму, аднак крок да набліжэньня канца дыктатуры ў краіне быў зроблены: у Беларусі стала модным быць свабодным.
“Зьмены прыйдуць непазьбежна, і гэта толькі справа часу. Беларускія грамадзяне, асабліва наша моладзь, хочуць жыць у дэмакратычным грамадзтве, дзе б шанаваліся правы кожнага чалавека, і дзе б урэшце запанавала сапраўдная СВАБОДА,” – сьцьвярджае ва ўступе да кнігі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Сярод аўтараў зборніка – непасрэдныя ўдзельнікі сакавіцкіх падзеяў, журналісты, грамадзка-палітычныя дзеячы, якія прайшлі праз судовы “канвеер” і адседзелі “суткі”. Асноўную частку выданьня складаюць арыгінальныя матэрыялы, выкарыстаныя таксама фотаздымкі і публікацыі з незалежных СМІ.
Пабачыць зборнік “Верым! Можам! Пераможам!” можна на сядзібе Партыі БНФ.