Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Недзяржаўныя газеты не трапілі ў падпісны каталог «Белпошты» 13:52, 17/11/2006
Вядучыя недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты --як нацыянальныя так і рэгіянальныя - не трапілі ў падпісны каталог “Белпошты” на першае паўгоддзе 2007 года. Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст паштовай сувязі “Белпошта” адмовілася супрацоўнічаць з недзяржаўнымі нацыянальнымі газетамі “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Товарищ”, “СНплюс. Свободные новости плюс”. У падпісным каталогу не апынулася таксама каля дзесятку рэгіянальных незалежных выданняў: “Брестский курьер”, “Витебский курьер”, “Борисовские новости”, “Газета Слонимская”, баранавіцкая газета “Intex-press”, “Ляхавіцкі час”, “Вольнае Глыбокае”, “Ганцавіцкі час”, пінскі тыднёвік “Мясцовы час”.
Падпісная кампанія ў Беларусі распачалася 12 кастрычніка, - паведамілі прэс-службе БАЖ у аддзеле падпіскі РУП “Белпошта”. Такім чынам, недзяржаўныя выданні, якія не трапілі ў каталог, губляюць адзіную магчымасць распаўсюджвацца праз падпіску, а іх чытачы - атрымліваць гэтыя газеты зручным і папулярным спосабам - у паштовую скрыню.
І на просьбы рэдакцый, і на патрабаванні чытачоў уключыць газеты ў каталог, кіраўніцтва “Белпошты” аднастайна адказвае, што “паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай наступнага іх распаўсюджання праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое рэалізуецца ім ў адпаведнасці з заканадаўствам.” Некаторыя рэдакцыі да гэтага часу не атрымалі пісьмовага адказу ад паштовага прадпрыемства.
Нагадаем, год таму пры фармаванні падпіснога каталога на 2006 год “Белпошта” таксама адмовілася ўключыць у яго шэраг недзяржаўных газет, а з тымі выданнямі, на якія падпіска вялася, “Белпошта” тэрмінова і ў аднабаковым парадку скасавала дамовы на распаўсюд на пачатку 2006 года.
У ліпені галоўныя рэдактары некалькіх недзяржаўных газет звярнуліся з лістом да Аляксандра Лукашэнкі, са спадзяваннем на яго садзейнічанне вырашэння праблем, звязаных з магчымасцю друкавання і распаўсюду. Адказ яны атрымалі ад намесніка міністра інфармацыі Л. Ананіч., якая сцвярджала, што “Мiнiнфарм не мае права ўмешвацца ў дзейнасць самастойных суб`ектаў гаспадарання i прымушаць iх заключаць дамовы”.
Між іншым, Закон “Аб паштовай сувязі” сцвярджае, што любая газета, якая выдаецца на тэрыторыі Беларусі і зарэгістравана Мінінфармацыі, мае права на размяшчэнне яе ў Каталогу для арганізацыі падпіскі і дастаўкі адрасату шляхам аказання універсальных паслуг паштовай сувязі. Закон забяспечвае распаўсюджванне друкаваных СМІ. Артыкулы 12, 14, 26 Закона “Аб паштовай сувязі” гарантуюць забеспячэнне роўнага доступу для ўсіх карыстальнікаў паштовай сувязі.