Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Казулін галадае ў турме месяц 16:06, 19/11/2006
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітвязень Аляксандр Казулін вось ужо месяц – 31 дзень – галадае ў віцебскай выпраўленчай калоніі №3. Пра стан здароўя палітвязня па-ранейшаму нічого невядома. Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Ірына Казуліна паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97, што не змагла датэлефанавацца да адміністрацыі калоніі. Два дні таму начальнік калоніі Віталь Агністыкаў заявіў сваякам, што Казулін адчувае сябе “нармалёва” і нават “бадзёра”. Аднак сваякі адмаўляюцца верыць адміністрацыі: вядома, што Казулін страціў падчас галадоўкі каля 20 кілаграмаў, што не можа не адбіцца на яго здароўе. Былы палітвязень Сяргей Скрабец, які нядаўна выйшаў на волю з віцебскай калоніі, лічыць, што ў цяперашні час стан здароўя Казуліна блізкі да крытычнага. “Падчас такога тэрміна галадоўкі ў чалавека назіраецца поўны заняпад фізічных сіл, паніжэнне тэмпературы цела да 35 градусаў, рэзкае паніжэнне ціску, ён пачынае перыядычна страчваць прытомнасць”, – паведаміў Сяргей Скрабец прэс-цэнтру Хартыі’97.
Заўтра Ірына Казуліна мае намер звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай дазволіць сустрэчу Аляксандру Казуліну з адвакатам, а таксама падаць сваякам поўную інфармацыю пра стан здароўя Аляксандра Казуліна.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін абвясціў галадоўку 20 кастрычніка. Палітвязень патрабуе разгляду сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН.
Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў арганізацыі масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і прысудзілі да 5,5 гадоў зняволення.