Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з палітвязнямі 16:14, 20/11/2006
Лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, які заканчвае збор подпісаў у Гомельскай вобласці, у панядзелак раніцай наведаў палітзняволенага Андрэя Клімава. Сустрэча адбылася ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёна, дзе адбывае пакаранне Андрэй Клімаў.
Палітыкі абмеркавалі надзённыя праблемы палітычнай сітуацыі ў Беларусі, абмяняліся думкамі адносна магчымага развіцця падзей ў бліжэйшыя месяцы.
Пасля сустрэчы з Андрэем Клімавым, Аляксандр Мілінкевіч накіраваўся ў Рэчыцу, дзе на мясцовым рынку збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху. Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што не чакаў таго, што ў рэгіёнах людзі дастаткова ахвотна ставяць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў.
- Нягледзячы на пэўны песімізм, з якім большасць глядзіць на мясцовую ўладу, ёсць моцнае жаданне дамагчыся справядлівасці. І гэтае жаданне ў рэгіёнах звязваюць пераважна з дэмакратычнымі пераменамі ў краіне, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
У суботу, 18 лістапада, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч сустракаўся ў Мінску з палітвязнем Сяргеем Скрабцом. Палітыкі дамовіліся аб супольных дзеяннях па падтрымцы палітзняволеных у Беларусі.