Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Маркаў: «ЗША і Эўразьвяз заблякуюць уступленьне Беларусі ва УГА» 15:16, 20/11/2006
Беларускія і расейскія аналітыкі пракаментавалі “Радыё Свабода”, як адаб’ецца чаканае ўступленьне Расеі ва Усьясьветную гандлёвую арганізацыі на расейска-беларускіх адносінах.
Паводле расейскага палітоляга, дырэктара Інстытута палітычных дасьледаваньняў Сяргея Маркава, уступленьне Расеі ва УГА адмоўна адаб’ецца на двухбаковых адносінах. Гэта запатрабуе большага ўзгадненьня адзінай эканамічнай прасторы паміж Расеяй і Беларусьсю.
“Справа ў тым, што гэтае ўступленьне запатрабуе ад Расеі памяншэньня мытаў і спрашчэньня доступу замежнага бізнэсу. А гэта прывядзе да яшчэ большай лібэралізацыі расейскай эканомікі і замацаваньня яе лібэральнага стану. Эканомікі абедзьвюх краін зроблены па рознаму...
Канешне, Расея з задавальненьнем спрыяла б, каб Беларусь далучылася да УГА. Аднак ЗША і Эўразьвяз, несумненна, заблякуюць такое далучэньне, пакуль ля ўлады знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Пакуль праводзіцца палітыка на больш цесны саюз з Расеяй і пакуль выкарыстоўваюцца аўтарытарныя мэтады ва ўнутранай палітыцы”, -- лічыць Маркаў.
Незалежны менскі эканаміст Леанід Заіка ацэньвае пэрспэктывы сяброўства Беларусі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі таксама крытычна:
“Я ўвогуле лічу, што беларускае сяброўства ва УГА пры Лукашэнку немагчымае. Зусім наіўна думаць, што Джордж Буш будзе сустракацца з Лукашэнкам і скажа: “Мы вас пускаем ва УГА...” У Беларусі абсалютны нуль у пэрспэктыве”, -- упэўнены эканаміст.
Пры гэтым спадар Заіка мяркуе, што беларускім спажыўцам сяброўства краіны ва УГА выгаднае:
“Калі ў нас будуць разбураныя гэтыя бар’еры, то беларускі спажывец будзе купляць цукар па 500 рублёў, а не па 1800, беларусы будуць купляць машыны без імпартных мытных пошлін. Такім чынам у нас пачнецца эпоха продаж танных спажывецкіх тавараў, а мяса будзем купляць па адным даляры за кіляграм”.
Спадар Заіка перакананы, што пры гэтым не будзе каляпсу ўласнай вытворчасьці.
Беларусь вядзе перамовы аб сяброўстве ва УГА з 1996 года.