|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Мікалай Астрэйка: «Я дагэтуль не магу апамятацца...» 12:32, 20/11/2006
– Мікалай, чаму Вас вызвалілі? – Таму што я адбыў адну трэць пакарання, і па законе меў права на замену рэжыму на мякчэйшы, у прыватнасці, на выпраўленчыя працы па месцы жыхарства. За 9 месяцаў зняволення ў мяне не было заўваг. Мой адвакат Валянціна Шыханцова ўвесь час займалася пытаннем майго вызвалення, я прайшоў камісію, і ў пятніцу, у 15.00, мне загадалі сабраць рэчы і вывялі за тэрыторыю калоніі. Для мяне гэта было так нечакана, што дагэтуль не магу апамятацца! Да дому дабіраўся на спадарожнай машыне… – Як сустрэла сям`я? – Сям`я сустрэла выдатна. Усе былі вельмі здзіўленыя і вельмі шчаслівыя! Нарэшце, я ўбачыў дачку Лізу, якая нарадзілася, калі я быў у турме… Дачка проста цудоўная! Зараз буду займацца сям`ёй, жадаю быць з блізкімі людзьмі. Для мяне зараз гэта самае галоўнае. – Сёння Вы павінны былі з`явіцца ў міліцыю? – Так, я толькі што наведаў Першамайскі РУУС і стаў на ўлік. Зараз буду шукаць працу. Хачу працаваць па спецыяльнасці – юрыстам. Частка заработнай платы будзе адыходзіць дзяржаве. – Пасля суду Вас накіравалі ў Шклоўскую калонію ўзмоцненага рэжыму, хоць прысуд гучаў "два гады калоніі агульнага рэжыму". Чаму ўзмоцнены рэжым? – Я не ведаю. Насамрэч у Шклоўскай калоніі вельмі шмат людзей, якія павінны былі трапіць у калонію агульнага рэжыму. Хадзілі чуткі, што гэта звязана з магчымым рэфармаваннем пенітэцыярнай сістэмы. Накшталт як у Беларусі зараз будзе два рэжыму зняволення – агульны і строгі. Але гэта толькі чуткі, дакладна я не ведаю... – Якія ўмовы былі ў калоніі? – Звычайныя ўмовы. Не магу сказаць, што да мяне неяк асабліва ставіліся, дадатковага ціску не было. Усе 2000 чалавек у калоніі сядзелі ў аднолькавых умовах. Жыў у атрадзе ў 150 чалавек. Атрад жыў па кубрыках, у адным кубрыке – па 25-30 чалавек. Было, вядома, нялёгка, але я ўжо абвыкся з усім за 9 месяцаў зняволення. Ежа была не вельмі добрай, ея хапляла для таго, каб не памерці з голаду. – Былі праблемы са здароўем? – У мяне хворае сэрца, таму зараз, мабыць, прыйдзецца легчы ў шпіталь на абследаванне. У турэмнай медчастцы не ляжаў. Лічу, што гэта бессэнсоўна, усё роўна там не вылечылі б. Пасля турэмнай ежы сур`ёзна пацярпелі зубы, трэба абавязкова наведаць стаматолага. – Дзе было цяжэй – у следчым ізалятары ці ў калоніі? – У СІЗО было значна цяжэй. Ты ўвесь час знаходзішся ў камеры, мала святла, мала паветра, адны і тыя ж людзі. Там у мяне і стала хварэць сэрца з-за недахопу паветра. У “зоне” прасцей. Там ты ўвесь час чымсьці заняты, працуеш, усёткі больш часу праводзіш на паветры. Праца ў мяне была – шыў чаравікі для зняволеных. Дакладней нават не шыў, а дапамагаў шыць, быў дапаможным працоўным. – Але ўзмоцнены рэжым усёткі адчуваўся, неяк адбіваўся? – Ён бы адбіўся, калі б я там даўжэй застаўся. Зразумела, там зусім іншы кантынгент, чым у калоніі агульнага рэжыму. Там былі людзі з куды больш сур`ёзным крымінальным мінулым, асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення. Але якіх-небудзь прэтэнзій у мяне да адміністрацыі калоніі няма. – Як складаліся адносіны са зняволенымі? – Роўныя адносіны былі, усе з разуменнем ставіліся да майго становішча. Якіх-небудзь складанасцяў не было. – З Вамі ў адной калоніі сядзеў былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў? – Так, я яго там сустрэў. Ведаеце, у “зоне” змяняецца ўспрыманне людзей, зусім не так як на волі. Пагутарыўшы з Рыбаковым, я прыйшоў да высновы, што яго ўсёткі асудзілі залішне строга. – Як Вы ацэньваеце суд над Вамі і Вашымі калегамі? – Не хацеў бы зараз даваць ацэнкі. Хачу дачакацца вызвалення Цімафея Дранчука. Але хачу сказаць, што той факт, што, нягледзячы на змякчальныя абставіны, я атрымаў максімальна магчымы тэрмін пакарання, кажа пра тое, што нават фармальна суд парушыў закон. Я ўжо не кажу пра неканстытуцыйнасць самаго артыкула, па якім нас асудзілі, пра тое, як вялося следства, і чаму судовы працэс быў зачынены.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|