Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Віцебску над будынкам драмтэатра ўзняты бел-чырвона-белы сцяг 12:16, 21/11/2006
20 лістапада, у 21.30, на даху Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Журналісты бачылі яго там яшчэ праз гадзіну. Сцяг маглі пабачыць і шматлікія віцябляне, бо будынак тэатра знаходзіцца ў цэнтры горада, побач з мастом імя Кірава, на якім і ў позні час сутак інтэнсіўны рух транспарта.
Гэтымі днямі Віцебск рыхтуецца адсвяткаваць 80-годдзе заснавання тэатра, урачыстыя мерапрыемствы з нагоды гэтага адбудуцца 23 лістапада. Як паведаміў БелаПАН мясцовы апазіцыянер Барыс Хамайда, “узняцце бел-чырвона-белага сцяга над тэатрам – гэта віншаванне ад легендарнага Мірона”. Па словах Б.Хамайды, да сцяга была прымацаваная занатоўка на беларускай мове: “Віншую коласаўцаў з юбілеем! У гэты цяжкі для Беларусі час беражыце нашу родную мову! Жыве цудоўнае беларускае слова! Жыве Беларусь! Ваш удзячны глядач Мірон”.
Раніцай 21 лістапада сцяга над будынкам тэатра ўжо не было.
За апошнія два з паловай месяца гэта быў чацвёрты выпадак, калі ў Віцебску вывешвалі бел-чырвона-белы сцяг. Першы з`явіўся ў ноч з 8 на 9 верасня над Заходняй Дзвіной і быў прымацаваны да правадоў, што расцянутыя паміж мастамі Блахіна і Кірава. Другім разам сцяг убачылі раніцай 7 кастрычніка на даху дома № 55 па вуліцы Леніна, у той дзень у Віцебску праходзіў вялікі кірмаш. А ў позні вечар 26 кастрычніка сцяг з`явіўся ў самім цэнтры горада, над так званым “сінім домам” насупраць амфітэатра. Праз лічаныя хвіліны яго тады зняла міліцыя.