Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мінпромэнерга прапаноўвае падняць цэны на газ для рэгіёнаў Расеі 12:28, 21/11/2006
Міністэрства прамысловасці і энергетыкі Расеі мае намер прапанаваць прэзідэнту прыняць праграму па хуткім падвышэнні цэнаў на газ для расейскіх рэгіёнаў, паведамляе газета “Ведомости”. Па меркаванні ўрадавых эканамістаў, без падвышэння ўнутраных цэнаў на газ для прадпрыемстваў і насельніцтва, газавікі не змогуць паўнавартасна працаваць і задавальняць попыт, які расце. На працягу чатырох гадоў цэны падвысяцца ў паўтары разы, а да 2020 года – больш за ўдвая.
Па паведамленні газеты “Ведомости”, падчас нарады ў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў сераду 22 лістапада службоўцы Мінпромэнерга мусяць прапанаваць прэзідэнту схему, па якой для расейскіх спажыўцоў магчыма падвысяцца цэны на газ. Раней аб гэтым Пуціна прасілі прадстаўнікі “Газпрома” і РАТ “ЕЭС Расеі”. Па меркаванні энергетыкаў і газавікоў, таннасць газу прама пхае прамысловыя прадпрыемствы і жыллёва-камунальную гаспадарку паліць яго, не эканомячы.
Празмеры шчодрае выдаткоўванне газу абмяжоўвае экспарт і пастаўкі на электрастанцыі, а недахоп электраэнергіі стрымлівае рост эканомікі. Разам з гэтым праграму падвышэння коштаў варта скласці як мага хутчэй, бо энергетыкі павінны ацаніць будучыя выдаткі і капукладанні, а таксама прымальны прыбытак.
Такую праграму і склала Мінпромэнерга. Па прагнозе гэтага міністэрства, да 2015 года ў “Газпрома” атрымаецца павялічыць здабычу на 12%, а незалежныя газавікі больш чым падвояць здабычу. Каб выйсці на такія аб`ёмы, асвоіўшы новыя радовішчы запатрабуецца па 300 млрд даляраў інвестыцый "Газпрома" і незалежных вытворцаў.
Не менш за палавіну з 300 млрд даляраў інвестыцый “Газпрома” патрабуюць рэканструкцыя і пашырэнне сістэмы магістральных трубаправодаў. Па разліках Мінпромэнерга, тарыф на транспартоўку газу павялічыцца да 2020 года ў 2,3 разы. З улікам цэнаў здабычы і дастаўкі газу спажыўцам у федэральных акругах яны ўжо да 2010 года перавысяць бягучы ўзровень рэгуляваных коштаў у 1,3-1,5 разы, а да 2020 года – больш за ўдвая, прагназуе Минпромэнерго.
Незалежныя эксперты згодныя з прагнозамі ўрадавых эканамістаў – танныя нафта і газ скончыліся, і росту цэнаў не пазбегнуць. Аднак падвышэнне кошту паліва і энергіі прывядзе да таго, што шматлікія прадпрыемствы прамысловасці і сельскай гаспадаркі будуць пастаўленыя ў вельмі цяжкае становішча. Па ўсёй бачнасці, дзяржаве прыйдзецца арганізаваць праграму субсідавання сельгаспрадпрыемстваў і дамашніх гаспадарак.