Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадпрымальнікі маюць намер правесці мітынг пратэсту 14:01, 21/11/2006
150 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі ўдзел 20 лістапада ў форуме “Прадпрымальнікі ў імя будучыні” у Менску. Беларускія прадпрымальнікі занепакоеныя ўмовамі іх працы, якія пагаршаюцца, і маюць намер правесці 27 лістапада мітынг.
Як растлумачыў “Нямецкай хвалі” арганізатар форума – старшыня грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, галоўная мэта правядзення дадзенага мерапрыемства:
“Усталяванне дыялогу паміж уладамі і прадпрымальнікамі. На сённяшні дзень дыялог у нас адсутнічае, а прысутнічае маналог. Гэта значыць прадпрымальнікі, законапаслухмяныя грамадзяне, плацяць падаткі, слухаюць, што ўлада ім гаворыць. Але калі закранаюцца праблемы прадпрымальнікаў – іх улада не жадае слухаць. Таму задача гэтага форума – быць пачутымі і зразуметымі ва ўласнай краіне”.
Па словах Шумчанкі, сёння ў прадстаўнікоў малога бізнэсу існуе тры асноўныя праблемы. Гэта – увядзенне маркіровачных знакаў на імпартны абутак, што можа амаль у два разы павялічыць яе цану, прыраўноўванне рознічнага гандлю парфумерыяй да оптавага і незразумеласць, якія правілы выплаты НДС -- падатка на даданы кошт, будуць дзейнічаць у 2007 годзе. Як адзначыў старшыня “Перспектывы”, прадпрымальнікі прапаноўваюць не вырашаць цяжкасці з напаўненнем бюджэту за іх рахунак, а сесці з урадам за стол перамоваў.
Як лічыць прадпрымальнік з Баранавічаў Аліна Гутарчык:
“Сённяшні форум дапаможа кожнаму з нас разабрацца ў першую чаргу, якія насамрэч умовы нашай далейшай працы і дапаможа іншымі вачыма, мы спадзяемся на гэта, нашаму ўраду зірнуць на тыя ўмовы, у якіх мы працуем”.
Разам з гэтым Анатоль Шумчанка дадаў:
“Мы хочам знайсці кампраміс. Прычым форум прадпрымальнікі праводзяць – яны паказваюць уладам, што мы пераходзім на новы цывілізаваны ўзровень дыялогу. Аднак калі нас будуць ігнараваць, то нам нічога не застанецца, як магчыма іншым чынам дастукацца да ўлады. Я хачу ўладам сказаць: “Лепш благі мір, чым добрая сварка”.
Але ці пачулі ўлады прадпрымальнікаў дзякуючы форуму – пакуль не вядома. Таму, па словах Шумчанкі, каб паказаць рашучасць у адстойванні сваіх інтарэсаў, прадпрымальнікі вырашылі правесці ў наступны панядзелак мітынг. Тым больш, што, як пажартаваў адзін з іх, у Беларусі каб быць пачутымі лепш правесці дрэнны мітынг, чым добры форум.