Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іен Боўг: «Новая стратэгія Еўразвяза – гэта пасланне да беларускага народа» 16:32, 21/11/2006
Новая стратэгія Еўразвяза ў дачыненні Беларусі – гэта пасланне беларускаму народу аб тым, што ЕЗ гатовы да больш цеснага супрацоўніцтва ў рамках палітыкі еўрапейскага добрасуседства. Аб гэтым 21 лістапада заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і Беларусі Іен Боўг, прэзентуючы дакумент ЕЗ у Менску, паведамляе БелаПАН.
“Мы гатовыя да садзейнічання з народам Беларусі, калі Беларусь будзе дэманстраваць жаданне стаць дэмакратычнай дзяржавай”, – сказаў еўраслужбоўца. Па яго словах, ЕЗ зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была “стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай дзяржавай”. “Але, на жаль, тыя палітычныя ўмовы, якія зараз існуюць у краіне, прыводзяць да таго, што адносіны паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю дагэтуль застаюцца абмежаванымі і Еўразвяз не можа прапанаваць беларускаму народу ўсе выгоды, якія ёсць ў палітыцы еўрапейскага добрасуседства і спалучанай з гэтым фінансавай дапамогай. Мы б жадалі змяніць сітуацыю, калі Беларусь і беларускі народ з`яўляюцца ізаляванымі”, – дадаў І.Боўг.
Разам з гэтым кіраўнік прадстаўніцтва адзначыў, што ЕЗ больш не можа ігнараваць магчымасці поўнамаштабнага супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках палітыкі добрасуседства. “Народ Беларусі можа шмат у чым выйграць ад гэтага супрацоўніцтва ў плане паляпшэння якасці жыцця”, – сказаў І.Боўг. У якасці магчымых пазітыўных зменаў службоўца назваў стварэнне новых працоўных месцаў, здыманне бар`ераў для пасоўвання беларускіх тавараў, у прыватнасці тэкстылю, а таксама мадэрнізацыю беларускай энергасістэмы. Акрамя таго, па словах І.Боўга, праграма Еўрапейскай палітыкі добрасуседства мяркуе развіццё трансмежнага супрацоўніцтва і спрашчэнне ўмоў для ажыццяўлення кантактаў “паміж народам Беларусі і народам Еўразвяза”. “Гэты абмен можа здзяйсняцца на ўсіх узроўнях, уключаючы афіцыйных асобаў, навукоўцаў, даследнікаў, бізнэсмэнаў і студэнтаў, для якіх вылучаюцца адмысловыя стыпендыі”, – дадаў кіраўнік прадстаўніцтва.
“Мы гатовыя істотна павялічыць наш узровень дапамогі Беларусі, але для гэтага ўлады павінны пайсці насустрач, – сказаў І.Боўг. – Але гэтыя ўмовы мы можам прапанаваць толькі тым краінам, якія падзяляюць міжнародныя каштоўнасці, паважаюць дэмакратычныя прынцыпы, паважаюць правы чалавека і вяршэнства закона. Беларусь, як сябра ААН і АБСЕ, узяла на сябе такія абавязальніцтвы. Зараз надыйшоў час паглядзець, як гэтыя прынцыпы рэалізуюцца на практыцы”.
У якасці ўмоў, якія павінны выканаць беларускія ўлады, еўраслужбоўца назваў аднаўленне палітычных правоў і свабод, вызваленне палітвязняў, развіццё незалежных СМІ, аднаўленне незалежнага суду. “Народ Беларусі павінен аднавіць свае асноўныя неад`емныя правы без якіх-небудзь адтэрміновак”, – рэзюмаваў І.Боўг.