Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Навумаў распавядзе, як ён шукае лідэраў апазіцыі? 10:46, 21/11/2006
У Полацку супрацоўнікі вышуковых падраздзяленняў праваахоўных органаў унутраных спраў з 11 дзяржаў будуць сёння абменьвацца досведам па вышуку злачынцаў і зніклых без весткі асобаў, а таксама вызначаць асноўныя накірункі ўзаемадзеяння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага гарвыканкама.
У працы міждзяржаўнага семінара па вышуковай працы органаў унутраных спраў, які адбудзецца 21 і 22 лістапада, возьмуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расеі, Украіны, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана. Удзельнікі семінара пазнаёмяцца з формамі і метадамі працы па вышуку злачынцаў, зніклых без весткі асобаў і ідэнтыфікацыі трупаў, пазнаёмяцца з метадамі выкарыстання адмысловых сродкаў у вышуковай працы. Падчас семінара будуць выпрацаваныя пэўныя рэкамендацыі і вызначаныя меры па падвышэнні эфектыўнасці рэалізацыі сумесных мерапрыемстваў у гэтай сферы.
Дарэчы, кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў падазраецца міжнароднай супольнасцю ў выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага, а таксама журналіста Зміцера Завадскага, якія бясследна зніклі ў Беларусі ў 1999-2000 гадах. Гэта чыннік таго, што яму, а таксама сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, экс-міністру ўнутраных спраў Юрыю Сівакову і камандзіру спецназа ўнутраных войскаў Зміцеру Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза і ЗША.