Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Джордж Сорас: «Расея падкупае дыктатараў у суседніх краінах» 10:40, 21/11/2006
Вядомы фінансіст Джордж Сорас заявіў, што ўрад Пуціна выкарыстоўвае энэргетычныя рэсурсы для адраджэньня ўсясьветнага лідэрства Расеі і падкупае дыктатараў у суседніх краінах. Відавочна, што размова ідзе аб “апошнім дыктатары Эўропы” Аляксандры Лукашэнка. Пра гэта піша “Financial Times”. Іншая брытанская газэта “Independent” прагназуе, што ў эўрапейцаў ужо гэтай зімой могуць узьнікнуць праблемы з пастаўкамі газу, і гэта абумоўлена недастатковымі інвэстыцыямі Расеі ў энэргетычную сфэру цягам многіх гадоў.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, у інтэрвію газэце “Independent” вядучы экспэрт Цэнтру вывучэньня эўрапейскай палітыкі доктар Алан Рылі заявіў, што Расея не з’яўляецца ўсемагутным пастаўшчыком энэргіі, на статус якога прэтэндуе. І калі гэтая краіна не прыме тэрміновых захадаў, якія будуць каштаваць мільярды даляраў, то надзейнае забесьпячэньне Эўропы газам апынецца пад пагрозай. Экспэрт адзначае, што Масква даўно ўжо не інвэставала ў распрацоўку новых газавых радовішчаў, і ў 2010 годзе ўзьнікне значны дэфіцыт расейскага газу, калі “Газпром” не выдаткуе мільярды даляраў на вырашэньне гэтай праблемы. Такім чынам папярэджвае Алан Рылі, цана на газ рэзка падвысіцца, і гэта пакладзецца на плечы эўрапейскіх спажыўцоў.
Джордж Сорас ў інтэрвію брытанскай газэце “Financial Times” гаворыць, што ідэя аднаўленьня ўсясьветнага лідэрства праз энэргетычныя рэсурсы вельмі папулярная ў Расеі. Паводле Сораса энэргетычная палітыка Расеі накіраваная таксама “на ўзбагачэньне высокапастаўленых чыноўнікаў ў Расеі і подкуп дыктатараў ў суседніх краінах з мэтаю ўзяць пад кантроль іх прыродныя рэсурсы”.