Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Бандыцкія метады супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання 16:15, 22/11/2006
Увечары 16 лістапада ў адным з прыватных дамоў Магілёва адбывалася сяброўская сустрэча некалькіх магілёўцаў з двума чэшскімі грамадзянамі, запрошанымі ў краіну для перамоваў аб магчымым супрацоўніцтве між чэшскімі і беларускімі грамадзянскімі ініцыятывамі ў сферы экалогіі. З-за адсутнасці офіснага памяшкання гасцей запрасілі ў прыватны дом. Праз поўгадзіны ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі Магілёўскага абласнога тэлебачання і пачалі рабіць здымкі без дазволу на тое гаспадароў.
Скарыстаючыся адчыненай на ўваходзе ў двор брамкай і незамкнёнымі ў хату дзвярыма, у кватэру ўвайшлі незнаёмыя гаспадарам і нікому з прысутных людзі – жанчына з мікрафонам у руках, на якім - фірмовая сімволіка Магілёўскай дзяржаўнай тэлестудыі, і мужчына – з тэлекамерай з такой жа выявай, - распавёў супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ гаспадар дома Уладзімір Краўчанка.
Яны адразу, ні ў кога не пытаючыся дазволу, пачалі здымаць памяшканне і прысутных людзей. Адначасова, няпрошаная госця, падстаўляючы да твару мікрафон, наступальна пачала распытваць людзей, з якой мэтай яны знаходзяцца ў доме і хто такія ёсць замежныя госці.
Пазней толькі на настойлівае патрабаванне гаспадара дома Ул. Краўчанкі (дырэктара ГА “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”) жанчына паказала службовае пасведчанне карэспандэнткі Магілёўскай абласной студыі тэлебачання на імя Ірыны Бардзілоўскай. Выдаліць няпрошаных “тэле-гасцей” удалося не адразу.
Уладзімір Краўчанка з нагоды гэтага інцыдэнту днямі накіраваў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру.
Сюжэту з выкарыстаннем гэтых здымкаў ні ў выпуску навін, ні ў іншай перадачы абласнога тэлебачання пакуль не з’явілася.
Нагадаем, згодна з артыкулам 29 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё грамадзяніна супраць яго волі. Таксама адным з відаў інфармацыі, доступ да якой абмяжоўваецца, з’яўляецца тайна асабістага і сямейнага жыцця грамадзян (артыкул 28 Канстытуцыі РБ). Нормы, накіраваныя на ахову такіх звестак, ёсць і у Законе аб друку. Артыкул 40 закона абавязвае журналіста атрымліваць дазвол на распаўсюджванне ў СМІ звестак аб асабістым жыцці грамадзяніна.
Артыкул 179 Крымінальнага кодэкса ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго дазволу. Недатыкальнасць прыватнага жыцця ахоўваецца таксама ў адпаведнасці з артыкулам 151 Грамадзянскага кодэксу.