Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Наша Ніва», адзіная беларускамоўная недзяржаўная газета, 16 лістапада атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. У выхадных дадзеных нумароў газеты за лістапад «не ўказваецца сапраўдны адрас рэдакцыі, што з’яўляецца парушэннем артыкула 26 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», – паведамляецца ў папярэджанні за подпісам намесніка міністра інфармацыі Л. Ананіч.
Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ так пракаментаваў гэтую ўжытую да газеты меру: «Канешне, ёсць фармальнае парушэнне заканадаўства. У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона аб друку рэдакцыя павінна паведамляць аб змяненні адрасу, калі такое мела месца. Аднак трэба ўлічваць, што за гэты год рэдакцыі «Нашай Нівы» чатыры разы адмаўлялі ў арэндзе памяшкання, у іх не было рэальнай магчымасці вырашыць пытанне аб юрыдычным адрасе. Газета вымушана былі захоўваць статус-кво.
Судзячы па папярэджанні, Міністэрства інфармацыі не ўнікала ў гэтыя абставіны і абмежавалася фармальным падыходам да справы: калі размяшчаецца рэдакцыя па іншаму адрасу, значыць ёсць парушэнне закону, – выказаў свой погляд Міхаіл Пастухоў. – З улікам усіх абставін можна выказаць здагадку, што органы ўлады шукаюць усе магчымыя сродкі, каб нейтралізаваць дзейнасць адзінай незалежнай беларускамоўнай газеты ў Беларусі. Услед за ўказам могуць быць выкарыстаныя і іншыя санкцыі – загад аб прыпыненні і, не выключана, загад аб cпыненні дзейнасці, ізноў жа на фармальнай падставе.»
Разам з тым, рэдакцыя «Нашай Нівы» чатыры разы за 2006 год была вымушана мяняць памяшканне офісу і, адпаведна, змяніць юрыдычны адрас. У кожным выпадку арэндадаўцы тэрмінова без тлумачэння прычын разрывалі дамову на арэнду офісу, як толькі выдавец газеты прадастаўляў інфармацыю пра новы юрыдычны адрас у Міністэрства інфармацыі і ўпраўленне юстыцыі Мінскага гарвыканкаму, – паведаміў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар газеты Андрэй Дынько.
Нагадаем, таксама сёлета ў красавіку «Наша Ніва» атрымала ліст аб адмове ў рэгістрацыі на тэрыторыі Мінска за подпісам намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама М. Ціцянкова, у якім сцвярджалася, што «размяшчэнне газеты «Наша Ніва» ў горадзе Менску немэтазгоднае». Мінгарвыканкам матываваў сваё рашэнне тым, што галоўны рэдактар газеты падвяргаўся адміністрацыйнаму арышту. (Гл. рэдактар «НН» А. Дынько быў затрыманы 21 сакавіка, падчас паслявыбарчых пратэстаў, на выхадзе з аўтобуса 100-га маршруту на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, а пасля асуджаны па абвінавачванні ў «нецэнзурнай лаянцы».)
Тады газета накіравала ў гарвыканкам скаргу, у якой звяртала ўвагу чыноўнікаў на тое, што беларускае заканадаўства не ўтрымлівае паняцце «мэтазгоднасці», а Закон аб друку і іншых СМІ не прадугледжвае ўзгадненне размяшчэння выданняў з мясцовымі выканаўчымі ўладамі. Адказу на скаргу не паступіла.
Між тым, 23 лістапада споўніцца 100 гадоў з дня выхаду першага нумару газеты «Наша Ніва».