Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэй Саннікаў: «Беларусь чакаюць у Еўропе» 16:57, 22/11/2006
“Думаю, што заўчасна называць гэта стратэгіяй. Хутчэй, гэта была дэкларацыя прынцыпаў і намераў. І з гэтага пункту гледжання дакумент вельмі добры, змяшчае адказы на шмат пытанняў і правільна расставіў акцэнты. Самае галоўнае, што ёсць у гэтым дакуменце – гэта адказ на рытарычнае пытанне, ці чакаюць нас у Еўропе. Не толькі чакаюць, але і гатовыя садзейнічаць інтэнсіўнаму развіццю сувязяў па ўсіх накірунках, у тым ліку і на ўзроўні звычайных грамадзянаў”, – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, каментуючы намер Еўрапейскага Звяза супрацоўнічаць з Беларуссю ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў абмен на ўступленне краіны на шлях дэмакратызацыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства закона.
Па меркаванні Саннікава, з гэтага дакумента добра відаць, што і хто з’яўляецца перашкодай для збліжэння Беларусі з Еўропай.
“Зразумела, што гэтыя перашкоды стварае невялікая група людзей, зыходзячы са сваіх уласных капрызаў і інтарэсаў, а не ў інтарэсах народа Беларусі. Лічу, што гэты крок Еўразвяза значна больш сур`ёзны за візавыя санкцыі, паколькі ў ім закладзеная добрая аснова для рэальнага дыялогу з народам, ды і з цяперашнімі ўладамі Беларусі. Можна яшчэ раз падкрэсліць, што гэты дакумент прафесійна складзены і нават неадмыслоўцу відаць, наколькі выгоднае для народа Беларусі паўнаважкае супрацоўніцтва з Еўропай”, –заяўляе палітык.
У той жа час, па словах каардынатара Хартыі’97, нельга не адзначыць, што “часцяком рэальная палітыка асобных дзяржаў разыходзіцца з дэкларуемымі прынцыпамі, таму ацэньваць новыя прапановы Еўразвяза можна будзе толькі пасля таго, як мы ўпэўнімся, што за гэтымі прапановамі стаяць пэўныя меры. Напрыклад, што патрабаванне вызвалення ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій па палітычных матывах будзе асноватворным, і Еўропа не стане ў гэтым прынцыповым пытанні разменьваць асобныя выпадкі на паляпшэнне гандлёва-эканамічных сувязяў”.
На пытанне, ці будуць згодныя беларускія ўлады на прапановы Еўрапейскага Звяза, Андрэй Саннікаў адказаў:
“Калі б прызнанне каштоўнасці гэтых прапаноў Еўразвяза залежыла ад пераважнай колькасці службоўцаў, то адказ на гэта ўжо сёння быў бы станоўчым. Але паколькі ў нас у краіне склалася сістэма аднаасобнай улады, то можна прагназаваць, што ніякага хуткага адказу не будзе. Будуць прадпрымацца спробы вылучыць з гэтага пакета нейкія зручныя для ўлад элементы і паспрабаваць размяніць саступкі па іх на прызнанне рэжыму. І тут важна, каб Еўразвяз захоўваў гэтыя прапановы як пакет, вызначыў нейкія тэрміны для атрымання адказу на гэтыя прапановы і праводзіў скаардынаваную палітыку без выключэння для асобных краінаў. Мы паспрабуем данесці гэтае пасланне да кожнага грамадзяніна Беларусі і ўпэўненыя, што Еўразвяз нам у гэтым дапаможа”.