Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аўтар мультфільмаў пра Лукашэнку просіць палітычнага прыстанішча ў Эстоніі 13:13, 23/11/2006
Калі 28-гадовы Павал Марозаў учора досвіткам выйшаў на перон Балтыйскага вакзалу ў Таліне, ягоным багажом была спартыўная сумка з самым неабходным і лэптоп. Яго ранейшае жыццё засталася ў Беларусі, дзе ў выпадку вяртання яму прыйшлося б правесці да чатырох гадоў у турме, піша Крыстэр Парыс у эстонскай газеце «Eesti Paevaleht».
Чыннік уцёкаў здаецца, на першы погляд, занадта абсурдным нават для тых, хто абвыкся з дзеяннямі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: пад кіраўніцтвам Марозава робяцца мультфільмы, якія высмейваюць беларускага дыктатара. Улады не змаглі цярпець распаўсюджвання ў інтэрнэце мультфільмаў пра Лукашэнку (http://mult.3dway.org/), і на мінулым тыдні прад’явілі актывістам моладзевай арганізаці “Третий путь” абвінавачванне ў абразе прэзідэнта.
У Беларусі гэта аўтаматычна азначае прысуд. Адзін з самых спрактыкаваных менскіх адвакатаў, да якога звярнуўся Марозаў, адмовіўся абараняць яго. “Сказаў проста, што ў палітычнай справе няма магчымасці мяне абараніць”,- растлумачыў малады чалавек.
Эстонскі грамадскі актывіст Яўген Крыштафовіч, які зрабіў у лютым даклад па Беларусі для камісіі па замежных справах парламента Эстоніі, заўважыў, што бежанец без сумнення з`яўляецца адным з тых, каго рэжым Лукашэнкі бачыў бы ў якасці новай ахвяры. Улады нярвуе дзейнасць маладога чалавека, які абараніў ступень магістра паліталогіі на тэму каардынацыі грамадзянскіх аб`яднанняў, па правядзенні ў жыццё сваіх ідэй. “Усе астатнія людзі, якія звязаныя з гэтай справай, ўжо з`ехалі”, – адзначыў Крыштафовіч. “Павал быў, вядома, адным з тых, каму трэба было эміграваць".
Гэтым жа вечарам Марозаў паехаў на машыне свайго знаёмага за чатырыста кіламетраў, у самы блізкі вялікі расейскі горад Смаленск. Паміж Беларуссю і Расеяй памежны кантроль у традыцыйным сэнсе адсутнічае. Але, калі купляеш білет на цягнік, трэба прад`явіць пашпарт.
Нягледзячы на тое, што прыстанішча яму прапанавала і нямеччына, бежанец, пасля інтэнсіўных размоваў у Skype, вырашыў прыехаць усё ж у Эстонію, віза якой, атрыманая ім яшчэ ўлетку, зараз прыйшлася вельмі дарэчы. “Я не збіраюся спыняць актыўную працу па дэмакратызацыі Беларусі. Эстонія здавалася для гэтага лепшым выбарам”, – растлумачыў ён.
Ноч, праведзеная ў цягніку Масква-Талін, не з`яўляецца для Марозава лепшым успамінам у жыцці. “Да мяжы я не сплюшчыў вачэй”, – усміхаецца ён. Бо нельга было выключыць магчымасці, што праваахоўныя органы Расеі і Беларусі супрацоўнічаюць паміж сабою і замест доўгачаканай свабоды цябе не чакаюць кайданкі. Тым не менш паездка прайшла ўдала.
Падзеі разгортваліся так хутка, што насамрэч ніхто яшчэ не ведае, што з Марозавым будзе далей. Сябра Рыйгікогу Сільвер Мейкар, які даў часовы прытулак у сваім доме і які клапоціцца разам з сябрамі аб Марозаве, сказаў, што палітычная падтрымка для дапамогі бежанцу ёсць: як міністр замежных спраў Урмас Паэт, так і міністр па справах народанасельніцтва Паўль-Эерык Рума абяцалі дапамагчы яму ў атрыманні пасведчання на права жыхарства і дазволу на працу.
“Мэтай Паўла з`яўляецца працягнуць працу ў імя дэмакратычнай Беларусі, і ён жадае вярнуцца на радзіму адразу ж, калі яго не будуць чакаць там больш турэмныя краты”, – пацвердзіў Мейкар. Гэта значыць хутчэй за ўсё не раней за падзенне беларускага рэжыму.