Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Каардынатар «Еўрапейскай кааліцыі»: «Еўропа дае Беларусі шанец» 17:54, 23/11/2006
Каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі”, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч пракаметаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 намер Еўрапейскага Звяза супрацоўнічаць з Беларуссю ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў абмен на ўступ краіны на шлях дэмакратызацыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства закона.
– Я думаю, што гэтая стратэгія гаворыць пра зацікаўленасць аб’яднанай Еўропы Беларуссю. “Еўрапейская кааліцыя” заўсёды гаварыла пра тое, што наша краіна павінна быць у Еўропе, і стратэгія Еўразвяза – гэта шанец для Беларусі. Нам працягнулі руку дапамогі, і ў гэтай руцэ шмат чаго ёсць. Еўропа гатовая ісці на сур`ёзныя фінансавыя траты дзеля таго, каб Беларусь, нарэшце, стала вольнай, каб улады нармальна абыходзілася з народам, перастала махляваць на выбарах. Гэты крок гаворыць пра тое, што нас, беларусаў, лічаць еўрапейцамі.
Гэта адзіная правільная і эфектыўная стратэгія, калісьці прапанаваная Еўразвязам. Вядома, улады могуць даць два адказы на яе. Адзін з іх – катэгарычнае “не”, бо дэмакратызацыя і свабодны выбар пагібельныя для рэжыму, гэта неадкладна пакажа, чаго жадае беларускі народ. Але з іншага боку, на рэжым зараз націскае Расея, якая стамілася яго карміць “на дарэмшчыну” і патрабуе разлічыцца. Магчымая таксама імітацыя нейкіх зменаў, улады могуць паспрабаваць падмануць Еўропу – імітаваць нейкія дэмакратычныя працэсы, завесці прыкормленую “апазіцыю”, пусціць яе ў мясцовыя Саветы, вызваліць некалькіх палітвязняў, не вельмі небяспечных для ўлады, або таго, каго палічаць зламаным.
Але самае галоўнае для мяне ў гэтай стратэгіі – гэта сігнал беларускаму народу – нас чакаюць у Еўропе. “Еўрапейская кааліцыя” заўжды ясна і пэўна звярталася да адзінай Еўропы з пасылам: беларускі народ – еўрапейскі народ. Беларусь павінна быць у Еўропе.
І задача беларускай апазіцыі прыгадаць ідэю, якая аб`яднала грамадствы ў краінах Балтыі, Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, Украіне. Прыгадаць еўрапейскія выбары, – лічыць Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, што Еўрапейскі Звяз гатовы істотна павялічыць аб`ём дапамогі Беларусі пры выкананні беларускімі ўладамі шэрагу ўмоў. Еўразвяз прапаноўвае спрашчэнне парадку ўезду грамадзянаў Беларусі ў ЕЗ, садзейнічанне беларускай эканоміцы, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і падрыхтоўку беларускіх прадпрыемстваў да працы на еўрапейскім рынку.
ЕЗ таксама прапаноўвае дапамогу ў рэформе судова-прававой сістэмы, у мадэрнізацыі транспартнай і энергетычнай сетак. Акрамя таго, Еўразвяз мае намер прапанаваць беларускім студэнтам падвышэнне стыпендый падчас атрымання адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах. Акрамя таго, ЕЗ прапаноўвае павялічыць фінансавую дапамогу.
Ад Беларусі Еўразвяз чакае такіх крокаў, як падаванне “права грамадзянам на самавыяўленне, доступ да незалежнай інфармацыі, вызваленне ўсіх палітвязняў”, павагі правоў грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў, а таксама захавання правоў нацыянальных меншасцяў.
У пераліку патрабаванняў фігуруе таксама забарона смяротнай кары, спыненне ўмяшання ўлад у бізнэс.