Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За фальсіфікацыю вынікаў выбараў Лукашэнку павінны адхіліць ад кіраўніцтва краінай 15:41, 23/11/2006
“У выбарчы працэс ніхто не мае права ўмешвацца. Заява Лукашэнкі сведчыць, што ён умешваўся і рэгуляваў працэс галасавання, і яго вынікі “падганяліся” пад неабходныя. Гэта варта ўвагі пракурора, які павінен сачыць за выкананнем законнасці ў краіне і адна з функцый пракуратуры – гэта праверка заяў у сродках масавай інфармацыі. За фальсіфікацыю вынікаў выбараў усталяваная крымінальная адказнасць, і гэта з’яўляецца падставай для адхілення Лукашэнкі ад кіраўніцтва краінай”, – заявіў вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы прэс-цэнтру Хартыі’97 заяву Лукашэнкі падчас прэс-канферэнцыі для украінскіх СМІ аб тым, што апошнія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя.
“Вядома, міжнародная супольнасць прызнала апошнія выбары сфальсіфікаванымі. Вядома, што за Лукашэнку не прагаласаваў такі высокі працэнт выбаршчыкаў і выбары прайшлі з масавымі парушэннямі заканадаўства. Аб гэтым сведчыць справаздача БДІПЧ АБСЕ. Але зараз Лукашэнка прызнаў, што ўплываў на вынікі галасавання”, – заявіў Стэфановіч.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў прызнаў, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў сакавіку цяперашняга года, былі сфальсіфікаваныя.
“Апошнія выбары мы фальсіфікавалі. За Лукашэнку прагаласавала 93 з паловай працэнта. Але, кажуць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86%”, – заявіў А.Лукашэнка. Па яго словах, з боку Еўропы напярэдадні выбараў гучалі абяцанні, што ў выпадку, калі “будзе прыкладна еўрапейскі паказчык на выбарах, выбары будуць прызнаныя”. “Але таксама не атрымалася. Паабяцалі, што прызнаюць, але не прызналі”, – канстатаваў ён.