Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі МЗС не знайшоў у прапановах Еўразвяза нічога новага 12:51, 23/11/2006
У агучаных нядаўна прапановах Еўразвяза ў дачыненні Беларусі няма нічога прынцыпова новага. Аб гэтым заявіў сёння прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў, адказваючы на пытанні журналістаў.
Ён пацвердзіў, што беларускі бок атрымаў адпаведны дакумент, і ён у цяперашні час вывучаецца. Па словах Андрэя Папова, “чытанне дакумента пакідае вельмі дваістыя ўражанні”.
“З аднаго боку, нашы еўрапейскія партнёры спрабуюць на паперы навязаць нам нейкую неабсяжную, абстрактную дэкларацыю, а з іншага – на гэтым жа фоне Еўропа адначасова рыхтуе ўвядзенне абсалютна рэальных эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія б`юць па гранічна пэўным жыццёвым інтарэсам простых беларусаў”, – адзначыў Андрэй Папоў.
Прэс-сакратар МЗС таксама адзначыў, што Еўразвяз заяўляе аб намеры садзейнічаць пашырэнню чалавечых кантактаў паміж Беларуссю і Еўропай. “Але ўзнікае заканамернае пытанне: а як гэта ўзгадніцца з планамі ЕЗ аб сур`ёзным падвышэнні кошту шэнгенскіх віз для беларусаў з 1 студзеня будучага года? Згадзіцеся, усё гэта выглядае больш за недарэчнасць на фоне заяў еўрапейцаў аб тым, што яны, маўляў, імкнуцца прадэманстраваць беларускім грамадзянам нейкія “перавагі супрацоўніцтва з Еўропай”, – падкрэсліў Андрэй папоў.
“Скажыце, якое меркаванне можа скласціся ў дачыненні падобнай сітуацыі ў простага, разважнага беларускага грамадзяніна? Мяркую, што адказ відавочны”, – рэзюмаваў афіцыйны прадстаўнік МЗС.
Нагадаем, што Еўрапейскі Звяз гатовы істотна павялічыць аб`ём дапамогі Беларусі пры выкананні беларускімі ўладамі шэрагу ўмоў. Еўразвяз прапаноўвае спрашчэнне парадку ўезду грамадзянаў Беларусі ў ЕЗ, садзейнічанне беларускай эканоміцы, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і падрыхтоўку беларускіх прадпрыемстваў да працы на еўрапейскім рынку.
ЕЗ таксама прапаноўвае дапамогу ў рэформе судова-прававой сістэмы, у мадэрнізацыі транспартнай і энергетычнай сетак. Акрамя таго, Еўразвяз мае намер прапанаваць беларускім студэнтам падвышэнне стыпендый падчас атрымання адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах. Акрамя таго, ЕЗ прапаноўвае павялічыць фінансавую дапамогу.
Ад Беларусі Еўразвяз чакае такіх крокаў, як падаванне “права грамадзянам на самавыяўленне, доступ да незалежнай інфармацыі, вызваленне ўсіх палітвязняў”, павагі правоў грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў, а таксама захавання правоў нацыянальных меншасцяў.
У пераліку патрабаванняў фігуруе таксама забарона смяротнай кары, спыненне ўмяшання ўлад у бізнэс.