Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч: «ААН не пакідае па-за ўвагай беларускае пытанне» 15:13, 23/11/2006
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што прыняцце Генеральнай асамблеяй ААН рэзалюцыі “Палажэнне з правамі чалавека ў Беларусі”, сведчыць пра ўсё большае адзінства ў свеце ва ўспрыманні рэжыма ў Беларусі.
-- Прыняцце Генеральнай асамблеяй ААН рэзалюцыі “Палажэнне з правамі чалавека ў Беларусі” сведчыць аб тым, што сусветная супольнасць у большасці сваёй добра ўсведамляе тое цяжкае становішча з дэмакратыяй, якое склалася ў нашай краіне. Вельмі паказальны пры гэтым спіс тых, хто выступіў у абарону дыктатуры – Расія, Куба, Кітай, Іран, Сірыя, Венесуэла, Узбекістан і Судан. Гэта якраз тыя краіны, дзе маюць месца аналагічныя праблемы і якія таксама падвяргаюцца адпаведнай крытыцы, таму іх пазіцыя здзіўлення не выклікае – рука руку мые, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч
Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што для яго “прыемнай нечаканасцю” сталі галасаванне за рэзалюцыю дзяржаў, што ўваходзяць у Рух недалучэння.
- Афіцыйны Менск апошнім часам усімі сіламі намагаецца наладзіць як мага больш цесныя сувязі з краінамі Руху недалучэння. Пры гэтым адной з галоўных мэтаў такіх імкненняў з’яўляецца жаданне атрымаць падтрымку на міжнародным узроўні, менавіта ў ААН. І такія вынікі галасавання сведчаць, што не толькі на Захадзе маецца разуменне таго, што ўяўляе сабой сёння беларускі рэжым.
Мы вельмі ўдзячны тым, хто па-ранейшаму не пакідае па-за ўвагай “беларускае пытанне”, хто высунуў гэтую ініцыятыву, у першую чаргу, Злучаным Штатам Амерыкі і краінам Еўразвязу. Мы ведаем, што аднымі рэзалюцыямі праблема не можа быць вырашана, аднак без маральнай падтрымкі такога кшталту змагацца за дэмакратыю ў Беларусі даводзілася б у значна больш цяжкіх умовах. Таму адной з важных задач мы лічым інфармаванне грамадзян нашай краіны аб падобных знаках салідарнасці міжнароднай супольнасці.” – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.