Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
10 гадоў рэферэндуму, з якога пачалася дыктатура 11:28, 24/11/2006
Сёння спаўняецца 10 год са дня правядзення ў Беларусі рэспубліканскага рэферэндуму, які істотна пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта. Ацэньваючы наступствы рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, юрыст Сяргей Балыкін у інтэрв’ю БелаПАН адзначыў рэзкае скарачэнне паўнамоцтваў парламента і судоў. “Прэзідэнту былі нададзеныя правы фактычна выдаваць заканадаўчыя акты і накладаць практычна непераадольнае вета на рашэнне парламента”, – адзначыў ён.
Разам з тым, па словах юрыста, “легетымнасць рэферэндума дагэтуль выклікае сур’ёзныя сумненні”. “Перш за ўсё, Вярхоўны Савет 13-га склікання, прызначаючы рэферэндум, пытанне аб новай рэдакцыі Канстытуцыі зрабіў кансультатыўным. Абавязковую ж сілу рашэнням рэферэндуму надаў прэзідэнт сваім указам ад 7 лістапада. Разам з гэтым у адпаведнасці з Канстытуцыяй-94 выключным правам прызначэння рэферэндумаў і адпаведна вызначэння пытанняў, якія выносяцца на яго, валодаў Вярхоўны Савет. Прэзідэнт не меў права адмяняць рашэнне парламента”, – падкрэсліў С.Балыкін.
“Акрамя таго, на рэферэндум фактычна выносілася пытанне аб падаўжэнні паўнамоцтваў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Бо ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі-96 тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта вылічаўся з моманту яе прыняцця. Аднак пытанне падаўжэння паўнамоцтваў органаў улады не магло выносіцца на рэферэндум”.
“У прынцыпе, можна казаць, што 10 год таму Беларусь зрабіла першы крок да пераходу ад рэспублікі да манархіі. Другі крок быў зроблены ўвосень 2004 года, калі рэферэндумам былі знятыя абмежаванні на колькасць тэрмінаў знаходжання адной асобы на пасадзе прэзідэнта”, – лічыць юрыст Балыкін.