Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
36 дзён галадоўкі адбіліся на здароўе Казуліна 15:16, 24/11/2006
Галадоўка адбілася на стане здароўя Аляксандра Казуліна. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакарання (ДВП) МУС Васіль Завадскі па выніках 3-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Актуальныя праблемы пенітэнцыярнай медыцыны. ВІЧ/СНІД у месцах пазбаўлення волі” 24 лістапада ў Менску. Нагадаем, што экс-кандыдат у прэзідэнты галадае ўжо 36 дзён. Раней паведамлялася, што падчас галадоўкі экс-кандыдат страціў каля 20 кілаграмаў вагі.
Разам з гэтым В.Завадскі падкрэсліў: галадоўка – “гэта выбар самога Казуліна”. “На мінулым тыдні ён здаваў аналізы. Ёсць вызначаныя адхіленні”, – сказаў начальнік медслужбы ДВП. Гэтыя адхіленні, па яго словах, звязаныя з вялікім тэрмінам галадоўкі зняволенага. “Яго кожны дзень аглялае лекар. Ад шпіталізацыі адмовіўся”, – дадаў Завадскі.
Ён засведчыў, што ніякіх мер па прымусовым вывадзе экс-кандыдата ў прэзідэнты з галадоўкі не плануецца. “Гэта не толькі пагражае здароўю Казуліна. Гэта забароненае беларускім заканадаўствам”, – падкрэсліў Завадскі.
Нагадаем, што Казуліну забараняюць сустракацца з адвакатам, яму таксама забароненыя сустрэчы са сваякамі.
Нагадаем, што лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) А.Казулін праводзіць бестэрміновую галадоўку з 20 кастрычніка ў калоніі “Віцьба-3”, дзе адбывае пакаранне. Такім чынам ён пратэстуе супраць “існуючага ў краіне беззаконня” і спрабуе прыцягнуць увагу Рады Бяспекі ААН да сітуацыі ў Беларусі.