Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч возьме ўдзел у саміце НАТА 14:41, 24/11/2006
27-29 лістапада ў Рызе лідэр аб`яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч возьме ўдзел у саміце НАТА. Аляксандр Мілінкевіч правядзе шэраг як пратокольных, так і нефармальных двухбаковых сустрэчаў.
На саміце дзяржавы-сябры НАТА абмяркуюць тэмы, якія тычацца працэсаў пераўтварэнняў, што адбываюцца ў свеце. Адной з галоўных тэмаў саміту стане пашырэнне і ўзмацненне дачыненняў паміж краінамі-сябрамі НАТА і дзяржавамі, якія не ўваходзяць ў альянс.
- Я расцэньваю ўдзел у саміце, як чарговае сведчанне той увагі, якую сусветная супольнасць працягвае надаваць Беларусі, - сказаў лідэр аб`яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы мэту свайго ўдзелу ў саміце. – Сёння заўчасна казаць аб тым, ці будзе дэмакратычная Беларусь прэтэндаваць на ўступленне ў НАТА ці застанецца пазаблокавай дзяржавай. Аднак, адзінства еўрапейскай бяспекі не з`яўляецца для мяне дэкларатыўны прынцыпам. Для нашай краіны гэта мае самы практычны сэнс. Тысячагадовая гісторыя беларускай нацыі, часам вельмі трагічная, настойліва патрабуе следавання па шляху бяспекі. І мы бачым гэты шлях не ў супрацьстаянні з НАТА, а ў шчыльным супрацоўніцтве з альянсам, як з лідэрам барацьбы супраць новых пагрозаў, якія стаяць перад чалавецтвам, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
На саміце Аляксандр Мілінкевіч сустрэнецца з вядучымі палітолагамі і эканамічнымі экспертамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Сярод гасцей саміту - былы мэр Н’ю-Ёрку Рудольф Джуліяні, вядомы палітолаг Збігнеў Бжэзінскі, спікер парламента Грузіі Ніно Бурджанадзе.
Сярод удзельнікаў саміту - 9 прэзідэнтаў, 15 прэм’ер-міністраў. У Латвію прыедуць прэзідэнты: ЗША, Чэхіі, Францыі, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі; прэм’еры: Бельгіі, Балгарыі, Даніі, Грэцыі, Ісландыі, Італіі, Канады, Вялікай Брытаніі, Люксембурга, Галандыі, Нарвегіі, Партугаліі, Гішпаніі, Турэччыны, Венгрыі. Акрамя таго, у Рыгу прыляцяць канцлер Германіі Ангела Мэркель і генеральны сакратар НАТА Яп дэ Хаоп Схефер.