Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ксёндз Аляксандр Шэмет: «Нельга стаяць на каленах перад уладай» 12:25, 24/11/2006
Больш за 100 вернікаў каталіцкага прыходу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасці прыйшлі сёння да будынка Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Каталікі патрабавалі ад уладаў дазволу на будаўніцтва ў Гародні касцёла. Атрымаць дазвол на будаўніцтва храма вернікі не могуць ужо 10 год. “Яны б хацелі, каб мы нічога не рабілі. Але другога выхаду няма. Нельга стаяць на каленах перад уладай. Улада не мае права нас так зневажаць”, – заявіў ксёндз Аляксандр Шэмет у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97, каментуючы правядзенне вернікамі прыхода, які ён узначальвае, акцыі пратэсту.
“Мой прыход, які налічвае больш за 8 тысяч чалавек, ужо амаль 10 год дамагаецца права на будаўніцтва ў нашым прыходзе касцёла. Мы шмат разоў звярталіся да ўладаў, пісалі двойчы Аляксандру Лукашэнку, аднак не атрымалі ніякіх адказаў. У 2001 годзе гарадскія ўлады дазволілі нам пачаць будаўніцтва храма, але зямлю пад будаўніцтва так і не далі. Увесь час прапаноўвалі нам дабудоўваць нейкія старыя, недабудаваныя аб`екты ў іншых прыходах. Але я адказваў ім, што я не эканом Гарадзенскай епархіі, і не збіраюся займацца гэтым. Пяць разоў мы прыносілі звароты да ўлад, падпісаныя тысячамі вернікаў, а яны нам з іроніяй казалі: “Мы ведаем, як вы збіраеце гэтыя подпісы”. Не, адказаў я, гэта мы ведаем, як вы збіраеце подпісы падчас выбараў...”, – распавядае настаяцель прыхода Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці міласэрнасці.
Нагадаем, што сёння да вернікаў, якія пратэстуюць, выйшаў кіраўнік Савета па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Папоў і запрасіў настаяцеля прыходу Аляксандра Шэмета і 25 вернікаў на сустрэчу са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Саўчанкай. Падчас сустрэчы Саўчанка паабяцаў вернікам, што ў самы блізкі час гарадзенскія ўлады дазволяць будаўніцтва касцёла.
“Я не вельмі веру абяцанням старшыні аблвыканкама. Абяцанні – гэта абяцанні, а пісьмовы адказ – гэта пісьмовы. Я нарадзіўся і доўга жыву ў гэтай краіне і выдатна ведаю цану абяцанняў. Мы пакінулі ў аблвыканкаме петыцыю, калі нашыя патрабаванні не будуць выкананыя, з 1 снежня мы пачынаем “пост-галадоўку”, – заявіў ксёндз Аляксандр Шэмет у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.