|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Галасаванне ў ААН: Беларускі рэжым прайграў двойчы 12:56, 24/11/2006 Трэці камітэт Генеральнай асамблеі ААН 22 лістапада ўхваліў праект рэзалюцыі ЗША, Канады і Еўразвяза аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Сааўтарамі праекту выступілі 39 дзяржаў. Як паведамлялася раней, у праекце рэзалюцыі гаворыцца, што ў Беларусі пашыраецца практыка ўціскаў і крымінальнага пераследу прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і няўрадавых арганізацый. У рэзалюцыі выказваецца занепакоенасць тым, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года ў Беларусі, былі праведзеныя з сур’ёзнымі парушэннямі і не адпавядалі абязальніцтвам, узятым краінай у рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Па інфармацыі прэс-службы ААН, за прыняцце гэтай рэзалюцыі прагаласавала 70 дзяржаў, 31 дэлегацыя выступіла супраць і 67 устымаліся. Беларуская дэлегацыя выказала вялікае шкадаванне з нагоды прыняцця рэзалюцыі. Прадстаўнік Беларусі выказаў надзею, што падчас яе зацверджання на пленарным паседжанні Генеральнай асамблеі дэлегацыі, тыя, хто прагаласаваў за гэтую рэзалюцыю, перагледзяць сваю пазіцыю і адмовяцца ад селектыўнага падыходу да пытання забеспячэння правоў чалавека, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы ААН. Дэлегацыя Расеі пры падтрымцы Кубы і Кітая паспрабавала перашкодзіць ухваленню рэзалюцыі па Беларусі. Расея скарысталася магчымасцямі правіл працэдуры і прапанавала не выносіць яе на галасаванне. Аднак гэтая прапанова не прайшла. Разгледзець рэзалюцыю па сутнасці прапанаваў прадстаўнік ЗША. Яго падтрымала прадстаўніца Фінляндыі. Выступаючы ад імя ЕЗ, яна заявіла, што “парушэнне правоў чалавека ў Беларусі з`яўляецца прыладай дасягнення палітычных мэт”, і заклікала ўсе дзяржавы падтрымаць дакумент. У абарону Беларусі выступілі Расея, Куба, Кітай, Іран, Сірыя, Венесуэла, Узбекістан і Судан. Яны назвалі рэзалюцыю палітычна матываванай і падкрэслілі, што яна не спрыяе развіццю супрацоўніцтва і дыялогу ў сферы праваабарончай дзейнасці ААН. Трэці камітэт Генеральнай Асамблеі ААН 22 лістапада адхіліў праект рэзалюцыі Беларусі аб становішчы з правамі чалавека ў ЗША. Як паведамляе прэс-служба ААН, за яе прагаласавалі ўсяго шэсць дзяржаў, 114 выступілі супраць і 45 краін устрымаліся. Прадстаўніца Фінляндыі ад імя Еўразвяза заявіла, што прапанаваная Беларуссю рэзалюцыя “з’яўляецца рэакцыяй на рэзалюцыю па Беларусі, якую ўнеслі ЗША”. Яна таксама выказала меркаванне, што беларускі праект “не мае нічога агульнага з рэальным становішчам з правамі чалавека ў ЗША”. У паведамленні прэс-службы ААН адзначаецца, што прадстаўнікі Алжыра і Егіпта выступілі супраць дадзенай рэзалюцыі, бо “наогул не падтрымліваюць практыку прыняцця краінавых рэзалюцый”. У непрынятай рэзалюцыі было асуджэнне ЗША за “сістэматычныя парушэнні асноўных правоў чалавека і свабодаў у гэтай краіне, у тым ліку за замахі на свабоду друку і жорсткі кантроль над сродкамі масавай інфармацыі”. У беларускім праекце гаварылася аб адвольных і таемных затрыманнях і арыштах, шырокамаштабных выпадках праявы нетрывальнасці, ксенафобіі і дыскрымінацыі. У праекце згадвалася, што выбарчая сістэма ЗША не адпавядае міжнародным патрабаванням і прыводзіць да таго, што шматлікія грамадзяне гэтай краіны пазбаўленыя права прымаць удзел у галасаванні. Беларусь прапаноўвала асудзіць ЗША за ўжыванне смяротнай кары ў дачыненні непаўналетніх і псіхічна хворых асоб. Выступаючы перад галасаваннем, прадстаўнік ЗША адзначыў, што некаторыя праблемы, паднятыя ў беларускім праекце, добра знаёмыя дэлегатам, бо аб іх шмат і падрабязна пісала амерыканскі прэса. Па яго меркаванні, гэта з`яўляецца сведчаннем “глыбокага дэмакратызму амерыканскага грамадства, дзе свабодныя СМІ, незалежны суд і грамадзянскае супольнасць уважліва сочаць за прытрымліваннем правоў чалавека”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|