Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі рэжым не прымае прапанову Еўразвяза? 14:35, 27/11/2006
Учора ў эфіры Беларускага тэлебачання намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч раскрытыкавала прапановы Еўрапейскага Звяза па пашырэнні эканамічных сувязяў з Беларуссю і значным павелічэнні фінансавай дапамогі краіне ў абмен на дэмакратызацыю.
У прыватнасці, каментуючы палітыку ЕЗ, Н.Пяткевіч сказала: “Адной рукой прымаецца адно рашэнне, іншай – іншае”. “Прынялі выключна ідэалагічны зварот аб тым, якім стане жыццё ў Беларусі, калі мы пойдзем іх шляхам. Зварот цалкам абстрактны, не змяшчае нічога пэўнага, вельмі агульны: мы будзем вам дапамагаць ахоўваць прыроду, абараняць жанчын і гэтак далей. На пытанне: “Колькі дасцё?” – журналісты, дарэчы, задалі – абсалютная цішыня. І у гэты ж дзень другой рукой прымаецца пэўнае рашэнне аб магчымасці выключэння Беларусі з сістэмы прэферэнцый, якое мае цалкам вызначаную цану пытання, пэўныя тэрміны рэалізацыі. І гэтае рашэнне накіраванае не супраць улады, не супраць службоўцаў, яно накіраванае супраць людзей і непасрэдна адаб`ецца на дабрабыце грамадзянаў. Так што насамрэч? Або ідэалагічная з трыбуны прамова аб тым, што вось мы бы вам маглі чаго там зрабіць, дапамагчы з прыродай, яшчэ з чымсьці, або вось яна – канкрэтыка”, – сказала Н.Пяткевіч.
“Мы ні з кім не пасварыліся, ні з кім не лаяліся, – падкрэсліла намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. – Беларусь заўсёды адкрыта выступала за канструктыўнае супрацоўніцтва, за дыялог, за ўзаемаразуменне. Але дыялог павінен быць такім, каб усе бакі маглі быць пачутыя і ўмелі слухаць. <...> У развіцці дзяржавы нельга па шаблоне перанесці досвед станаўлення іншай краіны, кожны пэўны выпадак індывідуальны. І Беларусь, вядома, зацікаўленая і гатовая да дыялогу і з Еўразвязам, і са Злучанымі Штатамі Амерыкі, і з любой іншай краінай свету, але на раўнапраўнай узаемапаважлівай аснове”.
Нагадаем, што Еўрапейскі звяз гатовы істотна павялічыць аб’ём дапамогі Беларусі пры выкананні беларускімі ўладамі шэрагу ўмоў. Еўразвяз прапаноўвае спрашчэнне парадку ўезду грамадзянаў Беларусі ў ЕЗ, садзейнічанне беларускай эканоміцы, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і падрыхтоўку беларускіх прадпрыемстваў да працы на еўрапейскім рынку.
ЕЗ таксама прапаноўвае дапамогу ў рэформе судова-прававой сістэмы, у мадэрнізацыі транспартнай і энергетычнай сетак. Акрамя таго, Еўразвяз мае намер прапанаваць беларускім студэнтам падвышэнне стыпендый пры атрыманні адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах. Акрамя таго, ЕЗ прапаноўвае павялічыць фінансавую дапамогу.
У адказ ад Беларусі Еўразвяз патрабуе: вызваліць усіх палітычных зняволеных, расследаваць справы выкрадзеных палітыкаў і журналіста, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, спыніць умяшальніцтва ў працу судоў, даць беларусам магчымасць атрымоўваць незалежную інфармацыю, не ўмешвацца ў прыватны бізнэс, паважаць правы грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў, захоўваць правы нацыянальных меншасцяў.