Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украіна супраць адзінай мяжы с краінамі СНД 17:37, 27/11/2006
Украіна не згодная са шматлікімі палажэннямі дакладу групы высокага ўзроўня аб падвышэнні эфектыўнасці і перспектывах развіцця СНД. Аб гэтым сказаў журналістам у Менску міністр замежных спраў Барыс Тарасюк, перадаюць "Украинськи новини". "Я падпісаў дакумент аб дакладзе групы высокага ўзроўня па рэфармаванні СНД, гэты дакумент быў кампрамісам, які ўключае і пазіцыю Ўкраіны, і пазіцыю старшыні Казахстана, хоць сам даклад змяшчае шмат палажэнняў, з якімі мы не згодныя, і ў сваім выступе я звярнуў на гэта ўвагу", – сказаў Тарасюк.
Па яго словах, Украіна не можа згадзіцца з прапанаванай у дакладзе канцэпцыяй адзінай знешняй мяжы краін СНД. Ён растлумачыў гэта тым, што Канстытуцыі краін не прадугледжваюць такога тэрміна, і ў іх ёсць толькі паняцце дзяржаўная мяжа. Тарасюк лічыць, што гэтая канцэпцыя не мае ніякага прававога сэнсу і з`яўляецца прапагандысцкай.
Ён таксама сказаў, што нельга згадзіцца з прапанаванымі ў дакладзе канцэпцыямі блізкага і далёкага замежжа, паколькі адны і тыя ж краіны геаграфічна для Украіны і Расеі будуць рознымі. "Гэтае наўмыснае заблытванне і выкарыстанне тэрмінаў і паняццяў, якія не адказваюць нашаму бачанню, якія адказваюць расейскаму бачанню, але ўкраінскія службоўцы павінны думаць і разумець розніцу", – сказаў кіраўнік МЗС Украіны.
Сярод прэтэнзій да дакладу ён таксама выказаў адсутнасць эканамічнага аспекту працы СНД. "Калі СНД будзе пазбаўленая такіх важных фактараў як эканамічнае супрацоўніцтва, у гэтым зацікаўленыя ўсе без выключэння, а выглядае ўсё так, што яно да таго ідзе, будзе бессэнсоўная сама Садружнасць", – сказаў Тарасюк.
Разам з тым кіраўнік МЗС Украіны сказаў, што даклад з`яўляецца прамежкавым прадуктам, і зараз складана судзіць аб тым, які будзе канчатковы выгляд выпрацаванай на яго аснове канцэпцыі рэфармавання СНД. Ён растлумачыў, што напрацаваная міждзяржаўнай камісіяй канцэпцыя будзе выносіцца спачатку на Савет міністраў замежных спраў краін СНД, а пасля на Савет кіраўнікоў дзяржаў. Аб гэтым паведамляе "Росбалт".
Як ужо паведамлялася, 27 лістапада ў Беларусі праходзіць паседжанне Савета міністраў замежных спраў СНД. На 28 лістапада запланавана паседжанне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Украіна на паседжанні прадстаўленая міністрам замежных спраў Барысам Тарасюком.
Таксама адзначым, што 17 лістапада падчас паседжання Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што ўдзел Украіны ў Садружнасці незалежных дзяржаў нельга супрацьпастаўляць яе курсу на еўрапейскую і еўраатлантычную інтэграцыю.
Спікер парламента Грузіі Ніно Бурджанадзэ напярэдадні адкрыцця 27-га пленарнага паседжання міжпарламенцкай асамблеі СНД у Санкт-Пецярбурзе выказала меркаванне, што Садружнасць незалежных дзяржаў фактычна не існуе.