Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўрасаюз дапаможа Беларусі толькі пасля выканання ўсіх 12 умоў 09:21, 28/11/2006
Фінансавая дапамога Беларусі ў рамках праграмы добрасуседства Еўразвяза магчымая пры выкананні ўсіх 12 умоў ЕЗ. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Еўрапейскага парламента Яцэк Сарыўш-Вольскі. “Частковае выкананне ўмоў нас не задаволіць”, – сказаў ён, адказваючы 27 лістапада ў Варшаве на пытанні беларускіх журналістаў, якія прыбылі ў сталіцу Польшчы па запрашэнні буйнейшай фракцыі ў Еўрапарламенце “Еўрапейская народная партыя – Еўрапейскія дэмакраты”.
Я.Сарыўш-Вольскі адзначыў, што ў Еўразвязе доўгі час існаваў “палітычны самападман” з нагоды адносінаў Беларусі і Расеі. “Доўгі час мы памылкова лічылі, што дэмакратыю ў Беларусі можна аднавіць праз пасрэдніцтва Расеі. Апошні саміт ЕЗ – Расея ў Лахці (Фінляндыя) паказаў, што Еўропа згубіла давер да расейскай дэмакратыі”, – сказаў віцэ-спікер Еўрапарламента. Па словах палітыка, для Еўропы Беларусь зараз – “самастойная адзінка, а не суседняя з Расеяй краіна”. “Калі зараз у Еўразвязе ідзе дыскусія аб тым, ці з`яўляецца Турэччына Еўропай, то адносна Беларусі такіх пытанняў не можа ўзнікаць”, – сказаў Я.Сарыўш-Вольскі.
Па яго словах, Еўрапарламент увесь час сочыць за сітуацыяй у Беларусі. За два апошнія гады па “беларускаму пытанню” былі прынятыя сем рэзалюцый. “Такой колькасці дакументаў не прымалася Еўрапарламентам у дачыненні ні адной з краін свету”, – адзначыў віцэ-спікер.
Нагадаем, што Еўрапейскі Звяз гатовы істотна павялічыць аб’ём дапамогі Беларусі пры выкананні беларускімі ўладамі шэрагу ўмоў. Еўразвяз прапаноўвае спрашчэнне парадку ўезду грамадзянаў Беларусі ў ЕЗ, садзейнічанне беларускай эканоміцы, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу і падрыхтоўку беларускіх прадпрыемстваў да працы на еўрапейскім рынку.
ЕЗ таксама прапаноўвае дапамогу ў рэформе судова-прававой сістэмы, у мадэрнізацыі транспартнай і энергетычнай сетак. Акрамя таго, Еўразвяз мае намер прапанаваць беларускім студэнтам падвышэнне стыпендый пры атрыманні адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах. Акрамя таго, ЕЗ прапаноўвае павялічыць фінансавую дапамогу.
У адказ ад Беларусі Еўразвяз патрабуе: вызваліць усіх палітычных зняволеных, расследаваць справы выкрадзеных палітыкаў і журналіста, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, спыніць умяшальніцтва ў працу судоў, даць беларусам магчымасць атрымоўваць незалежную інфармацыю, не ўмешвацца ў прыватны бізнэс, паважаць правы грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў, захоўваць правы нацыянальных меншасцяў.