Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ліквідацыя БХК пераносіцца на 2007 год 12:00, 28/11/2006
Паседжанне Вярхоўнага суду па позве Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) 28 лістапада не адбылося. Да 10.00, як і было прызначана, у суд з’явіліся выканаўца абавязкаў старшыні БХК Гары Паганяйла і выканаўчы дырэктар арганізацыі Алег Гулак. Аднак у судзе высвятлілася, што дата паседжання на сённяшні дзень нават не была афіцыйна прызначаная. Нягледзячы на тое, што яшчэ напярэдадні прадстаўнікам БХК у судзе пацвердзілі, што паседжанне адбудзецца. Сёння ж Г.Паганяйлу і А.Гулаку было заяўлена, што дата паседжання па дадзенай позве не будзе прызначаная раней за 2007 год.
Такім чынам, паведаміў журналістам Г.Паганяйла, БХК будзе працягваць сваю дзейнасць і зараз галоўным у працы арганізацыі будзе маніторынг выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Як раней паведамляў БелаПАН, 1 лістапада гэтага года гаспадарчы суд Менска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на 255 тысяч рублёў. Канфіскаваная маёмасць пайдзе ў рахунак аплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых запазычанасцяў.
Нагадаем, яшчэ ўлетку 2004 года гаспадарчы суд Менска зняў з БХК абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў па сродках, якія задзейнічаныя ў рамках праграмы ТАСІС. Аднак гэтае рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўгеній Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыўм Вярхоўнага суду задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай прыкладна 75.000 даляраў ЗША.
Дзеянні беларускіх улад у дачыненні БХК асудзіла міжнародная праваабарончая супольнасць.