Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія журналісты пакідаюць саміт СНД 16:31, 28/11/2006
Журналісты “крамлёўскага пула”, якія суправаджаюць Уладзіміра Пуціна ў паездцы на саміт СНД у Менск, вырашылі пакінуць месца правядзення саміту. Арганізатары мерапрыемства не дапусцілі да працы загадзя акрэдытаваных журналістаў з Масквы, прадстаўнікоў “Московского комсомольца” і газеты “Коммерсант”. Вядома, што з Менска з`яжджаюць фотакарэспандэнт “Коммерсанта” Зміцер Азараў, журналіст “Московского комсомольца” Наталля Галімава і фотакарэспандэнт “МК” Аляксандр Астафьеў. Расейскія журналісты палічылі такія дзеянні недапушчальнымі, тым больш, што гаворка ідзе аб міжнародным мерапрыемстве, і з`ехалі разам са сваімі калегамі.
Цікава, што нядаўна “МК” надрукаваў артукул “У Лукоморья змий зеленый. В сказочной деревне Лукашенко спивается его родня”, непасрэдна напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Маскве. Журналістка Наталля Баброва без акрэдытацыі МЗС Беларусі пракралася ў вёску, дзе нарадзіўся Лукашэнка, і сустрэлася з яго блізкімі сваякамі, шмат з іх, як высвятляе артыкул, сёння сталі хранічнымі алкаголікамі або вядуць жабрачае існаванне. Журналістка таксама закранула балючую для беларускага кіраўніка тэму – хто ж усёткі быў яго бацькам. Мабыць, такія рэчы Лукашэнка не даруе…
Нагадаем, што некалькімі днямі раней журналіста “Московского Комсомольца” Дзяніса Ярмакова не пусцілі на савет кіраўнікоў урадаў СНД у Менску.
“Усе подступы да Нацыянальнай бібліятэкі краіны, дзе праходзіла афіцыйнае мерапрыемства, былі загадзя “зачышчаныя” ад мінчукоў, якія гуляюць. А у кожнага з журналістаў “людзі ў цывільным” па некалькі разоў правяралі дакументы яшчэ за пару сотняў метраў да будынка, “перадаючы” іх адзін аднаму па рацыі. “Ідзе “Московский комсомолец”, сустракайце”, – пачуў я за спіной голас супрацоўніка КДБ. Сустрэлі… “Вас няма ў спісах, не можам вас пусціць”, – заявілі сек`юрыці, якія правяраюць тых, хто ўваходзіць у будынак. Пасля разбору высвятлілася, што беларусы проста выкрэслілі без афіцыйных тлумачэнняў нашую газету. Усе намаганні з боку прэс-службы прэм`ера Фрадкова паўплываць на беларускія ўлады былі дарэмнымі. Ва ўрадзе рэспублікі і МЗС адмовіліся ад тлумачэнняў і толькі неафіцыйна адказалі, што “беларускі бок катэгарычна супраць удзелу карэспандэнта гэтай газеты ў мерапрыемстве”. І што рашэнне было прынятае на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі”, – распавёў Ярмакоў.
Вядома, што на саміце, тым не менш, засталіся прадстаўнікі дзяржаўных тэлекампаній РФ, бо яны палічылі, што расейская грамадскасць павінна ведаць аб падзеях, якія адбываюцца на саміце.