|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Рычард Лугар: НАТА павінна быць гатовае адказаць на «энергетычны» удар Расеі 12:47, 28/11/2006 “Выкарыстанне энергетыкі ў якасці зброі гэта не тэарэтычная пагроза будучыні – гэта ўжо адбываецца”, – цытуе РІА “Новости” амерыканскага сенатара. Па словах Лугара, “адключэнне Расеяй паставак энергіі Украіне прадэманстравала спакусу выкарыстаць энергію для дасягнення палітычных мэт”. “Расея адступіла ад супрацьстаяння пасля жорсткай рэакцыі Захаду, але якім бы быў адказ НАТА у выпадку, калі б Расея працягвала эмбарга?” – запытаўся амерыканскі сенатар, папярэдзіўшы, што ў гэтым выпадку “украінская эканоміка і ўзброеныя сілы былі б падарваныя без адзінага стрэлу, а небяспека і страты для шэрагу краін НАТА выраслі б вельмі значна”. “НАТА абавязанае вызначыць, на якія крокі яна гатовая пайсці ў выпадку, калі Польшча, Нямеччына, Вугоршчына альбо Латвія падвергнуцца такой жа пагрозе, як і Украіна”, – сказаў Лугар, заклікаўшы пры гэтым распаўсюдзіць на сферу энергетыкі дзеянне “пятага раздзела” статуту НАТА, у якім гаворыцца аб тым, што напад на аднаго з сяброў альянсу лічыцца нападам на ўвесь вайсковы блок. “Напад з выкарыстаннем энергетыкі ў якасці зброі можа знішчыць эканоміку краіны і прывесці да сотняў або нават тысячаў ахвяр, таму альянс павінен узяць на сябе абавязальніцтва аб тым, што абарона ад такога нападу з`яўляецца абавязальніцтвам у рамках “пятага раздзелу”, – сказаў кіраўнік сенацкага камітэта, падкрэсліўшы, што ў сучасных умовах энергетычны канфлікт прыраўноўваецца да вайсковага. Лугар пры гэтым абмовіўся, што “спробы маніпуляваць энергіяй для дасягнення міжнародных палітычных выгод не азначаюць, што з боку НАТА патрабуецца вайсковы адказ”. Падкрэсліўшы, што “альянс абавязаны ўзяць на сябе абавязальніцтва падрыхтавацца і адказаць на спробы выкарыстаць энергетыку ў якасці зброі супраць сяброў (НАТА)”, сенатар заявіў, што “лідэры НАТА павінны распрацаваць стратэгію, якая ўключае (энергетычныя) пастаўкі для ахвяр агрэсіўнага адключэння энергіі”. Разам з гэтым магчыма нават правядзенне адмысловых вучэнняў па аказанні дапамогі ў выпадку энергетычнай блакады. Нагадаўшы, што Іран таксама “неаднаразова пагражаў скараціць экспарт нафты ў шэраг краін у выпадку ўвядзення супраць яго эканамічных санкцый”, Лугар заявіў, што энерганосьбіты сёння становяцца новай зброяй для тых краін, якія валодаюць запасамі энергіі. Нараўне з заклікам да НАТА падрыхтавацца да падобных сцэнараў, Лугар прапанаваў “пачаць рэгулярныя кансультацыі на высокім узроўні па энергетычнай бяспецы паміж НАТА і Расеяй”. “Я лічу, што ў Расеі ёсць доўгатэрміновая зацікаўленасць у дасягненні росквіту і стабільнасці, якія з`яўляюцца вынікам павелічэння інвестыцый у яе энергетычны сектар і з`яўлення ў яе рэпутацыі надзейнага пастаўшчыка. Але яе (Расеі - рэд.) нядаўнія дзеянні па часовым абмежаванні паставак газу на Захад, канфіскацыі шэрагу замежных энергетычных інвестыцый і стварэнні бар`ераў для новых інвестыцый падрываюць давер да надзейнасці Масквы”, – заявіў Лугар. Адзначым, што ў колькасць сяброў НАТА у тым ліку ўваходзяць амаль усе энергетычныя партнёры Расеі, у тым ліку Францыя, Нямеччына, Грэцыя, Італія, Велікабрытанія, Чэхія, Польшча, Вугоршчына, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, Балгарыя. Аб сваім імкненні ўступіць у НАТА заявілі Харватыя, Македонія, Сербія, Грузія, Украіна, Албанія.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|