Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Офіс незалежнага прафсаюза апячатаны ўжо 11 месяцаў 16:29, 30/11/2006
Першасная арганізацыя Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) працаўнікоў УП “Лёс” (г.Барань) звярнулася ў Дзяржаўны камітэт абароннай прамысловасці са скаргай на наймальніка, паведамляе www.praca-by.info. У дакуменце гаворыцца, што адміністрацыя прадпрыемства сістэматычна ігнаруе палажэнні калектыўнай дамовы. Як паведаміў старшыня СПМ Васіль Леўчанкаў, офіс прафсаюза апячатаны ўжо адзінаццаць месяцаў.
Увесь гэты час актывісты не могуць ім карыстацца і не маюць доступу да прафсаюзных дакументаў. Усё гэта адбываецца нягледзячы на тое, што ў калектыўнай дамове ёсць палажэнне, паводле якога наймальнік абавязаны бясплатна падаваць офіс прафсаюзу. Так яно і было да цяперашняга года. Але ў студзені 2006-га пяршоўцы СПМ спачатку прапанавалі плаціць за арэнду офіса, а потым яе і зусім выставілі прэч, а дзверы апячаталі.
Па словах Васіля Леўчанкава,прафсаюз ужо паўгода рэгулярна інфармуе адміністрацыю аб сваёй згодзе ўносіць арэндную плату, але дырэктар цягне час і абыходзіцца толькі адпіскамі аб тым, што гэтае пытанне будзе вырашацца ў працэсе перамоваў. “Якія ён мае на ўвазе перамовы, незразумела. – гаворыць Васіль Леўчанкаў. – Каліктыўная дамова ў нас дзейнічае да красавіка 2007-га, і да гэтага часу мы маем поўнае права распараджацца офісам”.
Акрамя таго, прафсаюз абвінавачвае наймальніка ў парушэннях у сферы аплаты працы. З 1 лістапада памер тарыфнай стаўкі 1 разраду быў падвышаны з 62 тысяч да 65 тысяч рублёў. Адміністрацыя УП “Лёс” працягвае налічаць зарплату працаўнікам з разліку ранейшай тарыфнай стаўкі і тлумачыць гэта эканамічнымі цяжкасцямі прадпрыемства. “Памер тарыфнай стаўкі, усталяваны ўрадам – гэта мінімальная гарантыя дзяржавы. І наймальнік абавязаны яе выконваць. Дырэктар гаворыць, што мы павінны дасягнуць 0,1% рэнтабельнасці і таму не можам падвышаць памер тарыфнай стаўкі. А у нас зараз мінус 1,4%. Нашае прадпрыемства працуе на знос. Чым больш працуем, тым больш страты. Трэба прымаць іншыя меры. А у нас усё па даўніне, як у пару Савецкага Саюза. Сістэма аплаты працы – савецкая. Здзельшчыкам свядома завышаюць часовыя нормы выпрацоўкі. Па тэхналогіі працоўны павінен зрабіць 10 дэталяў, а ён за гэты час робіць 15, вось і зарплата атрымоўваецца большая. А потым гэтыя дэталі ляжаць на складах”, – распавёў Васіль Леўчанкаў. Лідэр прафсаюза спадзяецца, што ў дзяржкамітэце звернуць увагу на праблемы прадпрыемства і яго працаўнікоў.