Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія сіроты могуць выязджаць пакуль толькі ў аздараўленчыя базы Італіі 14:37, 30/11/2006
Да моманту падпісання міжурадавага пагаднення, у якім будуць урэгуляваныя пытанні юрыдычнага статусу беларускіх дзяцей-сірот на тэрыторыі Італіі, у краіну яны змогуць ўязджаць толькі ў арганізаваныя аздараўленчыя базы. Аб гэтым сёння, адказваючы на пытанні “дэпутатаў”, на пленарным паседжанні 5-й сесіі “палаты прадстаўнікоў” паведаміла намесніца міністра адукацыі рэспублікі Таццяна Кавалёва.
Па яе словах, дадзеная мера звязаная з тым, што было зафіксавана некалькі інцыдэнтаў, калі беларускія дзеці, якія адпраўляюцца на адпачынак у італьянскія сем`і, пазапраўна ўтрымліваліся імі. Чыннікам гэтаму паслужылі існуючыя ў італьянскім заканадаўстве нюансы, якія дазваляюць беларускіх дзяцей-сірот, нягледзячы на тое, што яны прыязджаюць у Італію ў складзе арганізаваных груп у суправаджэнні педагогаў або медыкаў, вызначаць як дзяцей, пакінутых без нагляду. Такі падыход стварае магчымасць разглядаць у італьянскіх судах любыя пытанні, звязаныя з беларускімі дзецьмі-сіротамі нават без запрашэння прадстаўнікоў нашай краіны.
Намесніца міністра таксама адзначыла, што для атрымання дазволу на вываз беларускіх дзяцей на аздараўленне і адпачынак у італьянскія сем’і Мінадукацыі патрабуюць ад урада Італіі гарантый, што гэтыя дзеці будуць у бяспецы. “На сённяшні дзень з боку Італіі няма гарантый, якія б давалі магчымасць казаць пра тое, што ёсць правільнае разуменне статусу нашых дзяцей на іх тэрыторыі”, – удакладніла яна.
Гаворачы пра сітуацыю, якая склалася вакол беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз, Таццяна Кавалёва паведаміла, што на сённяшні дзень ніякіх дакументаў на яе ўсынаўленне з Італіі не паступала. “Каб законна ўсынавіць Віку, неабходныя рэальныя крокі. Адна справа – проста заявіць аб сваім жаданні ўсынавіць дзіця, а іншая справа – сабраць усе неабходныя дакументы і накіраваць іх нам. Ні ў амбасадзе, ні ў міністэрстве такіх дакументаў няма”, – падкрэсліла яна.
Жаданне ўсынавіць дзяўчынку выказвалі, акрамя італьянцаў, таксама і беларускія грамадзяне. Але пакуль гэтая ініцыятыва не была дакументальна пацверджаная.
Намеснік міністра адукацыі адзначыла, што на дадзены момант дзяўчынка жыве ў прыёмнай сям`і разам са сваім родным братам і ніякага незадавальнення з гэтай нагоды не выказвае. У сям`і добрыя матэрыяльныя ўмовы і адносіны. Разам з тым Віка Мароз усё яшчэ мае статус сіраты і можа разглядацца на прадмет усынаўлення.