Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка вырашыў пакрыць выдаткі на газ гандлем з Іранам, Сірыяй і Венесуэлай 13:15, 30/11/2006
Аляксандр Лукашэнка ставіць перад урадам задачу павелічэння беларускага экспарту і паступлення валюты для забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны. “Энергетычную бяспеку можна забяспечыць не толькі дыверсіфікаваннем паставак энергарэсурсаў у нашу краіну, якія можна атрымоўваць у Азербайджане, Іране, Расеі і ў іншых дзяржавах свету. Мы папросту маглі б больш плаціць, калі б экспарт прыносіў столькі грошай, якіх нам хапіла б для закупу энергарэсурсаў, напрыклад, у Расеі”, – заявіў А.Лукашэнка ў чацвер у Менску падчас нарады па пытаннях дзейнасці міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Адзначыўшы, што экспарт з’яўляецца самым важным накірункам і прыярытэтам эканамічнай палітыкі дзяржавы, А.Лукашэнка падкрэсліў, што “экспарт – гэта грошы і валюта ў краіну, за якія мы можам купіць усё, што нам трэба”. “Толькі маючы бесперашкодны выхад нашых тавараў і паслуг на міжнародныя рынкі і доступ да рэсурсаў – сыравінным, энергетычным, фінансавым, інфармацыйным, мы можам стаць паўнапраўным удзельнікам міжнароднай эканамічнай сістэмы, з інтарэсамі якога будуць лічыцца”, – сказаў Лукашэнка. У адваротным выпадку, па яго словах, “мы ператворымся ў жабрацкага спажыўца замежнага шырспажыву”. У гэтай сувязі, як заявіў кіраўнік Беларусі, “у гэтай барацьбе нам не выдужаць без правядзення наступальнай агрэсіўнай знешняй палітыкі”, паведамляе “Інтэрфакс”.
Лукашэнка канстатаваў, што ў цяперашні час “сітуацыя ў знешнім гандлі таварамі складаецца не вельмі паспяхова”. А.Лукашэнка раскрытыкаваў працу ўрада па забеспячэнні станоўчага знешнегандлёвага сальда. “Перад урадам ёсць першарадная задача – дасягнуць станоўчага знешнегандлёвага сальда за рахунак перавышэння тэмпаў экспарту над імпартам”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
А.Лукашэнка заявіў, што падчас апошняга візіту беларускай дэлегацыі ў Іран атрымалася дамовіцца па шматлікіх пытаннях у развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў. “Іран – гэта 50 млрд даляраў тавараў, якія ўвозіць у краіну. Яны сказалі: “Мы не супраць беларускіх тавараў”. Нам не трэба $50 млрд, давайце возьмем $1 млрд, заўтра – $2 , праз 3-4 года – 5 млрд даляраў. І усе праблемы вырашым”, – сказаў А.Лукашэнка.
Акрамя таго, па яго словах, “такіх жа дамоўленасцяў мы дасягнулі і з іншымі дзяржавамі – з Сірыяй, Венесуэлай, дзе нам проста адчыняюць дзверы”. “Але мы не заўсёды эфектыўна спрацоўваем. Чаму?” – запытаў беларускі кіраўнік.
А.Лукашэнка таксама канстатаваў, што “у апошні час у Кітаі ўсё часцей звяртаюцца да беларускай тэматыкі”. “На апошнім паседжанні палітбюро кампартыі Кітая было прынятае рашэнне ўсяляк аказваць падтрымку Беларусі, нават, я гавару ў агульных рысах, калі гэта будзе не выгодна Кітаю. Ну, што больш трэба, каб сёння актыўна працаваць на кітайскім рынку”, – заявіў А.Лукашэнка
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным разабрацца з працай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву з замежнымі дзяржавамі, заклікаўшы іх кіраўнікоў “да прыстойнасці”.