|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка будзе ратавацца ядзернай энергетыкай 13:30, 01/12/2006 Як адзначыў беларускі кіраўнік, цэны на энергарэсурсы, якія растуць увесь час, і вычарпанне сусветных прыродных запасаў “настойліва прымушаюць нас шукаць новыя аптымальныя варыянты развіцця нашай энергетыкі”. “На апошніх перамовах з прэзідэнтам Расеі мы ўпершыню абмяркоўвалі праблему дэфіцыту вуглевадароднай сыравіны ў самой Расеі. Мы можам аказацца перад фактам, калі Расея пры жаданні не зможа паставіць нам энергарэсурсы”, – сказаў ён. У гэтай сувязі, па яго словах, “сёння мы павінны прыняць рашэнне па стратэгічным накірунку – развіццю беларускай атамнай энергетыкі”. “Тут нам трэба дакладна вызначыцца: ці будзем мы будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю. Калі будзем, то дзе, у якім рэгіёне краіны, у якія тэрміны, па якіх праектах і за рахунак якіх крыніц фінансавання”, – сказаў А.Лукашэнка. Ён нагадаў аб сваім даручэнні ўраду і шэрагу ведамстваў разгледзець магчымасці будаўніцтва АЭС з мэтай дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў. А.Лукашэнка заявіў, што на сённяшні дзень доля імпартных энергарэсурсаў у агульным аб’ёме іх спажывання ў Беларусі складае каля 85%, што з’яўляецца “рэальным чыннікам нашай залежнасці ад знешніх паставак”. Для пераадольвання гэтай залежнасці, адзначыў А.Лукашэнка, беларускія навукоўцы на агульным сходзе Нацыянальнай акадэміі навук “аднагалосна прынялі пастанову аб неабходнасці будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне і прыступіць да падрыхтоўчых прац, пачынаючы з гэтага года”. Лукашэнка лічыць, што “гэта аргументаваная і ўзважаная пазіцыя, і яны (навукоўцы – “ІФ”) зыходзілі не толькі з нашых унутраных запатрабаванняў у энергіі, але і ўлічылі ўвесь сусветны досвед, які сведчыць, што ў будучыні ядзерная энергетыка стане асноўным сродкам пераадольвання глабальнага энергетычнага крызісу”. Як адзначыў беларускі кіраўнік, сёння ў свеце працуюць 442 ядзерных энергаблока, а ў самы блізкі час будзе ўведзена ў строй яшчэ 60. А.Лукашэнка канстатаваў, што найбольшае развіццё атамная энергетыка атрымала ў Еўропе, дзе яе доля ў агульным аб`ёме вытворчасці электраэнергіі складае больш за 30%. “Дарэчы, у Францыі за рахунак ядзернай энергетыкі атрымоўваюць каля 80% неабходнай электраэнергіі”, – сказаў прэзідэнт. Акрамя таго, па яго словах, “як бы мы не даўблі пра бяспеку, Еўропа нашпігаваная атамнымі станцыямі. Вакол нас шмат АЭС у Расеі і Украіне. Вось і ўся бяспека. Мы акружаныя ядзернымі электрастанцыямі, толькі нічога ад гэтага не маем, акрамя высокіх цэнаў на электраэнергію”, – заявіў беларускі прэзідэнт. У гэтай сувязі, па яго словах, “наўрад ці варта ігнараваць сусветныя тэндэнцыі і культываваць у свядомасці беларусаў радыёфобію і постчарнобыльскі сіндром. Калі ў Еўропе і ў нашых самых блізкіх суседзяў актыўна развіваецца ядзерная энергетыка, то і нам у гэтым плане адставаць нельга”, – сказаў А.Лукашэнка. З іншага боку, па яго словах, неабходна надаць пільную ўвагу пытанням забеспячэння бяспекі. “Калі мы прымем рашэнне аб будаўніцтве АЭС, то самае важнае пытанне – гэта бяспека рэактара”, – заявіў А.Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што аб`ект атамнай энергетыкі павінен мець “самы высокі ўзровень бяспекі і надзейнасці”. “Сёння выразна ясная задача: знізіць неспакойнасць грамадскасці адносна выкарыстання мірнага атама. А гэта значыць, што пляцоўка для размяшчэння атамнай электрастанцыі намі павінна быць вылучаная беспамылкова, праект і тэхналогія працы рэактара павінны адказваць самым сучасным, самым жорсткім патрабаванням бяспекі”, –заявіў прэзідэнт Беларусі. Акрамя таго, па яго словах, “пры выбары тых, хто будзе будаваць, той краіне, мы павінны паставіць самыя жорсткія ўмовы ў сферы бяспекі”. Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні падрыхтоўкі кадраў для працы на атамным аб`екце. “Як рыхтаваць кадры – свет ведае. Акрамя таго, калі мы збярэм тых, хто гатовы прыехаць у Беларусь, тых беларусаў, хто працуе на атамных станцыях па ўсім свеце, то з 2 тысяч неабходнага персанала 1 тысячу мы знойдзем дакладна. Ну і навучанне, стажыроўка. Бо пакуль мы пабудуем атамную станцыю, пройдзе гадоў 10”, – сказаў А.Лукашэнка. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, ён адзначыў, што “калі мы правільна дакладзем народу аб сітуацыі вакол нас, то я ўпэўнены, што людзі з намі згадзяцца і падтрымаюць”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|