Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генпракуратура Літвы: Дыпламат загінуў у Беларусі ў выніку няшчаснага выпадку 11:55, 01/12/2006
Генеральная пракуратура Літвы прыняла рашэнне спыніць дасудовае расследванне крымінальнай справы па факце гібелі ў Беларусі былога супрацоўніка дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ), дарадцы генеральнага консульства Літвы ў Гародні Вітаўтаса Поцюнаса (Vytautas Pociunas).
“Генпракуратура атрымала вынікі біямеханічнага даследавання, у якіх канстатавалася, што прыкмет і слядоў, якія пацвярджаюць, нібы афіцэр ДДБ быў выштурхнуты або выкінуты праз акно староннімі сіламі, не ўсталявана”, – паведамілі ў пятніцу “Інтэрфаксу” у прэс-службе генеральнай пракуратуры.
Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, раней былі атрыманыя вынікі супрацоўнікаў судова-медыцынскай экспертызы аб тым, што ў целе загінуўшага не выяўлена якіх-небудзь ядаў або наркотыкаў.
“Пракурор дэпартамента расследвання арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генеральнай пракуратуры Юстас Лаўцюс (Justas Laucius) напярэдадні падагульніў назбіраныя матэрыялы і вырашыў спыніць дасудовае расследванне, бо высветлена, што смерць В.Поцюнаса наступіла не праз злачынныя дзеянні іншых асоб, а праз няшчасны выпадак”, – паведамілі ў прэс-службе.
Падобныя вынікі раней абвясцілі і органы пракуратуры Беларусі.
МЗС і ДДБ Літвы паведамлялі, што В.Поцюнас 23 жніўня загінуў у Берасці, выпаўшы з акна на дзевятым паверсе гатэля.