Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гародні пачалась галадоўка вернікаў рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Востабрамскай, Маці Міласэрнасці. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў настаяцель парафіі ксёндз Аляксандр Шэмет. Чыннікам з’явілася тое, што напрацягу амаль дзесяці гадоў суполка не можа атрымаць дазвол на ўзвядзенне новага будынка храма па вуліцы Рэпіна, 2. На дадзены момант галадоўку абвясцілі ксёндз і 11 яго парафіян. Сярод вернікаў, якія пачалі галадоўку пратэсту, ёсць жанчына ва ўзросце 79 гадоў. Галадоўка праходзіць у будынку прыхадской капліцы. Колькасць галадаючых увесь час павялічваецца.
24 лістапада вернікі правялі акцыю пратэсту ля будынка Гарадзенскага аблвыканкама. Старшыне аблвыканкама Ўладзіміру Саўчанку была перададзеная петыцыя, у якой гаворыцца, што калі да 1 снежня ўлады не дадуць пісьмовы дазвол на будаўніцтва касцёла, вернікі пачнуць галадоўку пратэсту.
Тады ж адбылася сустрэча кіраўніцтва аблвыканкама з вернікамі. Ксёндз Аляксандр Шэмет паведаміў, што кіраўнік Савета па справах рэлігій і нацыянальнасцяў гарвыканкама Ігар Папоў параіў каталікам напісаць ліст старшыне гарвыканкама Аляксандру Антыпенку з просьбай вылучыць зямлю пад будаўніцтва. Такі ж ліст вернікі аднеслі ў гарвыканкам 29 лістапада, але ім сказалі, што Антыпенкі не будзе да 10 снежня.
Яшчэ ў 1996 годзе Гарадзенская рымска-каталіцкая дыяцэзія выкупіла ўчастак зямлі памерам у 0,27 гектары ў занёманскай частцы горада, дзе раней размяшчалася каталіцкія могілкі. Тут жа знаходзіцца цагляны будынак капліцы святых Пятра і Паўла, пабудаваная ў другой палове XVII стагоддзя і якая з`яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Адным з мецэнатаў будаўніцтва капліцы быў ірландскі каталік Пётр О`Брайен-Дэласі, паплечнік расейскага палкаводца Аляксандра Суворава. У крыпце капліцы знаходзілася радавы магільны склеп Дэласі. Аднак у гады савецкай улады капліца была спустошаная, а магільны склеп яе апякуноў – апаганены мясцовымі вандаламі.
Пасля рэстаўрацыі ў капліцы пачаліся набажэнствы, у якіх адначасова маглі ўдзельнічаць не больш за 20 вернікаў. “Пасля таго як у пачатку 1998 года суполка была зарэгістраваная, мы атрымалі дазвол на праектаванне касцёла, пазней скасаваны пад рознымі надуманымі чыннікамі. Вось чаму суполка, у якую зараз уваходзіць больш за 8 тыс. вернікаў, побач узвяла драўляную капліцу, у якой можа размясціцца не больш за 300 вернікаў. Таму будаўніцтва новага вялікага храма з`яўляецца для вернікаў самой надзённай праблемай”, – распавёў ксёндз Аляксандр Шэмет.
На фота: Ксёндз Аляксандр Шэмет са сваімі парафіянамі