Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пытанне аб датэрміновым вызваленні Цімафея Дранчука будзе разгледжанае 14 снежня 09:35, 04/12/2006
Пытанне аб умоўна-датэрміновым вызваленні актывіста кампаніі па назіранні за выбарамі “Партнёрства” Цімафея Дранчука будзе разгледжанае 14 снежня наглядальнай камісіяй пры Фрунзенскім райвыканкаме Менска. Як паведаміў бацька грамадскага актывіста Валерый Дранчук, гэтую інфармацыю яму пацвердзілі ў розных інстанцыях, у тым ліку ў Дэпартаменце выканання пакарання МУС.
Нагадаем, што Ц.Дранчук і яшчэ тры актывісты “Партнёрства” былі затрыманыя 21 лютага. У жніўні суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў іх вінаватымі па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання). Шэраг абвінавачванняў у адрас актывістаў “Партнёрства”, агучаных высокімі службовымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў (фальсіфікацыя вынікаў экзіт-полу, падрыхтоўка тэрактаў і інш.), не знайшлі пацверджанняў ні падчас следстваў, ні ў судзе. У выніку Мікалай Астрэйка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, Цімафей Дранчук – да аднаго года пазбаўлення волі, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка – да шасці месяцаў арышту. Браніцкая і Шалайка выйшлі на свабоду 21 жніўня. 17 лістапада з калоніі ў Шклове быў вызвалены М.Астрэйка, якому змянілі пакаранне на выпраўленчыя працы. Такім чынам, Ц.Дранчук застаўся адзіным, хто дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні.
Варта таксама адзначыць, што Дранчук быў уключаны ў спіс прэтэндэнтаў на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, які разглядаўся камісіяй 30 лістапада, аднак у апошні момант яго выключылі са спісу.
Валерый Дранчук нагадаў, што Цімафей ні разу не бачыў свайго сына, які нарадзіўся неўзабаве пасля яго арышту. “Пытанні гуманізму – вось на што я раблю акцэнт, звяртаючыся ў розныя інстанцыі з нагоды датэрміновага вызвалення Цімафея. Бацька восем месяцаў не бачыў сына, а сын не ведае жывога бацьку ", – падкрэсліў В.Дранчук.