Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нямеччына ўступілася за Аляксандра Казуліна 14:45, 04/12/2006
Упаўнаважаны немецкага ўрада па правах чалавека Гюнтэр Нооке патрабуе змякчыць меру пакарання для экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна, які вось ужо 46 дзён трымае ў выпраўленчай калоніі Віцебска галадоўку пратэсту. Аб гэтым Нооке заявіў у эксклюзіўным інтэрв`ю “Нямецкай хвалі” .
Гюнтэр Нооке паведаміў, што ўнутрапалітычная сітуацыя і становішча з правамі чалавека ў Беларусі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ягонай дзейнасці. Аб сітуацыі ў краіне яго ўвесь час інфармуе амбасада ФРГ у Менску, а таксама апазіцыйныя палітыкі, якія рэгулярна наведваюць Берлін з неафіцыйнымі візітамі. Адмысловую трывогу ва Упаўнаважанага германскага ўрада па правах чалавека выклікае стан былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна. Нагадаем, што прысуджаны да 5,5 гадоў пазбаўлення волі Казулін у канцы кастрычніка абвясціў галадоўку. Па паведамленнях інфармацыйных агенцтваў, з пачатку акцыі пратэсту ён страціў каля 30 кілаграмаў вагі. У гэтай сувязі Гюнтэр Нооке звяртаецца з заклікам да прадстаўнікоў беларускіх улад і патрабуе змягчыць меру пакарання для апазіцыйнага палітыка:
“Выпадак Аляксандра Казуліна мне асабліва блізкі, таму што, калі я ў красавіку знаходзіўся з афіцыйным візітам у Менску, я пазнаёміўся з ягонай жонкай. Тады мне не дазволілі наведаць яго ў месцах пазбаўлення волі. Разумеючы складанасць сітуацыі, звязанай з зачыненасцю беларускага грамадства, мы, тым не менш, прыкладзем усе намаганні для таго, каб запатрабаваць ад урада Беларусі паляпшэння ўмоў утрымання Казуліна. Вядома, мы пад гэтым разумеем, што ва ўмовах існавання дыктатуры ўлада не заўсёды прыслухваецца да патрабаванняў, якія паступаюць звонку. Тым не менш, я думаю, што Беларусь павінна быць зацікаўленая ў тым, каб не быць адзінай белай плямай на палітычнай карце Еўропы адносна таго, што датычыцца сітуацыі з правамі чалавека”, – заявіў Гюнтэр Нооке.
Упаўнаважаны нямецкага ўрада па правах чалавека перакананы, што да праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі ў чарговы раз атрымаецца прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадскасці 12 снежня. У гэты дзень Еўрапарламент узнагародзіць ганаровай прэміяй імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” лідэра беларускай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча.
“Ва ўрадзе ФРГ няма магчымасці ісці ў беларускія турмы і вызваляць непажаданых рэжыму людзей. Але мы спадзяемся, што з дапамогай акту ўручэння гэтай высокай узнагароды ў нас атрымаецца прадэманстраваць прызнанне ўсім незалежна думаючым людзям у Беларусі і такім чынам падтрымаць іх у іх няпростай дзейнасці. Мы жадаем даць ім зразумець, што тэма абароны правоў чалавека ў Беларусі гуляе ў нашай прававой палітыцы адну з ключавых роляў”, – заяўляе нямецкі палітык.
Па словах Гюнтэра Нооке ўвядзенне “чорнага спісу” для прадстаўнікоў афіцыйных улад Беларусі і адмова ім у выдачы візы для ўезду ў ЕЗ з`яўляецца адным з метадаў ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, па словах Гюнтэра Нооке, тэму правоў чалавека Нямеччына збіраецца закранаць і падчас свайго старшынства ў Еўразвязе. Нагадаем, што ў студзені 2007 года ФРГ зменіць на гэтым пасту Фінляндыю. У адрозненне ад свайго папярэдніка, нямецкі ўрад жадае больш увагі надаць Усходняй Еўропе ў цэлым, і правы чалавека ў Беларусі ў гэтай сувязі будуць гуляць важную ролю. Па словах Нооке, за шэсць месяцаў свайго старшынства Нямеччына пастараецца скарыстацца наяўнымі прыладамі ЕЗ для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:
“Сярод прылад уплыву на сітуацыю ў Беларусі ў нас ёсць Рада па правах чалавека ў Жэневе, у нас ёсць створаная ў структуры ЕЗ сістэма дыялогаў паміж краінамі-удзельнікамі Еўразвяза і іх суседзямі. Акрамя таго, у ЕЗ уваходзяць непасрэдныя суседзі Беларусі – краіны Балтыі, якія зацікаўленыя ў тым, каб іх адносіны з Менскам не былі замарожаныя. З дапамогай праектаў па правах чалавека мы, знаходзячыся на кіруючым пасту ў ЕЗ, зможам аказваць больш эфектыўную падтрымку беларускай апазіцыі і падтрымліваць незалежныя СМІ. Я думаю, што тыя прылады, якія мы маем, з`яўляюцца не зусім дастатковымі для таго, каб кардынальна змяніць сітуацыю ў Беларусі, тым не менш, мы будзем карыстацца ўсім тым, што маем”, – гаворыць Гюнтэр Нооке.
Як заявіў упаўнаважаны нямецкага ўрада па правах чалавека Гюнтэр Нооке, на пасту старшыні ў ЕЗ ФРГ мае намер даць ясны сігнал уладам Менска аб тым, што Еўразвяз не перастане цікавіцца праблемамі беларускага грамадства, будзе працягваць умацоўваць яго дэмакратычныя інстытуты і абараняць правы грамадзянаў. Эпоха глабалізацыі і нязменны інфармацыйны абмен робіць гэта магчымым.