Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўразвяз павялічвае падтрымку краінаў-суседзяў 09:54, 05/12/2006
Увечары 4 снежня ў Брусэлі Еўрапейская камісія прадставіла “перагледжаны варыянт” палітыкі дачыненняў Еўразвязу з суседзямі, дзе ўзгадваецца таксама і Беларусь. “Палітыка суседзтва працуе добра, аднак Еўразвяз можа зрабіць яшчэ больш у справе пашырэння міру, стабільнасці і эканамічнага дабрабыту ў нашых суседзяў. Найлепшы сродак, каб гэтага дасягнуць, гэта падтрымка палітычных і гаспадарчых рэформаў”, -- заявіла камісар Еўразвязу па знешніх адносінах і палітыцы добрасуседства Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Папярэдні варыянт палітыкі суседзтва пачаў працаваць 18 месяцаў таму – як аказалася, найбольш з яе скарысталіся паўднёвыя суседзі Еўразьвязу – краіны басэйну Міжземнага мора, паведламляе “Радыё Свабода”.
Спадарыня Фэрэра-Вальднэр хоча, каб гэта зьмянілася на карысьць усходніх суседзяў, у тым ліку і Беларусі.
“Такія краіны, як Украіна, Грузія, Армэнія ці Малдова, а ў будучыні таксама Беларусь павінны мець магчымасьць добра выкарыстоўваць “сапраўды глыбокую гаспадарчую інтэграцыю з Еўразьвязам”, асабліва што тычыцца ліквідацыі мытных бар’ераў”, -- заявіла Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
У 2007-2013 гадох краіны, якія бяруць удзел у праграме суседзтва, атрымаюць ад Брусэлю каля 12 мільярдаў еўра дапамогі – на траціну больш, чым было прадугледжана ў мінулым шасцігадовым бюджэце.
Удзел Беларусі ў праграмах палітыкі добрасуседства абмежаваны дзейнасцю па развіцці грамадзянскай супольнасці, развіццём малога і сярэдняга бізнэсу, уладкаваннем меж і сумеснымі дзеяннямі па ўмацаванні меж і ў вобласці правасуддзя і ўнутраных спраў. Поўнамаштабны ўдзел нашай краіны ў праектах палітыкі добрасуседства магчымы пасля выканання нядаўна агучаных Еўракамісіяй 12 умоваў: вызваліць усіх палітычных зняволеных, расследаваць справы выкрадзеных палітыкаў і журналіста, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, перастаць умешвацца ў працу судоў, даць беларусам магчымасць атрымоўваць незалежную інфармацыю, не ўмешвацца ў прыватны бізнэс, паважаць правы грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў, захоўваць правы нацыянальных меншасцяў.